Ідзе збор подпісаў за помнік героям Слуцкага паўстання (абноўлена)
Актывісты збіраюць подпісы за адкрыццё помніка героям Слуцкага паўстання. За дзень сябры ініцыятыўнай групы «Дзея» сабралі 500 подпісаў, агулам жа за некалькі выездаў у Слуцк яны сабралі ўжо 935 подпісаў. Потым актывісты плануюць іх перадаць мясцовым і менскім абласным уладам, каб ініцыяваць грамадскія слуханні.
Збіраем подпісы за помнік героям слуцкага збройнага чыну. З такім пасылам актывісты вышлі на вуліцы ў Слуцка. Збор будзе трываць да канца студзеня. Потым актывісты плануюць перадаць подпісы мясцовым уладам і ў Менаблвыканкам, каб ініцыяваць грамадскія слуханні. Не ўсе случчакі наогул ведалі пра паўстанне і некаторым прыходзілася расказваць. «Эфект акцыі, між іншым, ужо заўважальны», — кажа ініцыятарка збору подпісаў Аліна Нагорная.
— Гэта тое, што людзі больш даведваюцца пра гэтую падзею. Па другое, тысяча подпісаў гэта даволі шмат. Мы, калі будзем падаваць свае лісты з подпісамі, будзем пісаць суправаджальны ліст, у якім папросім правесці грамадскія слуханні і нас на іх паклікаць. У нас адбудуцца перамовы з уладамі і канешне мы будзем патрабаваць месца, дзе мы будзем усталёўваць гэты помнік. Грошы на сам помнік мы гатовыя збіраць самі праз розныя інтэрнэт-платформы. Нам галоўнае, каб было дзе яго ўсталяваць.
Тут патрэбны не проста помнік, а цэлы мемарыял – кажа беларускі гісторык Алесь Краўцэвіч, які слуцкае паўстанне называе адной з важнейшых падзеяў 20 стагоддзя ў гісторыі Беларусі.
— Гэта дэманстрацыя таго, што беларусы ў дваццатым стагоддзі не былі такой інертнай масай, якая чакала, што яе заваююць бальшавікі ці палякі. Беларусы змагаліся за сваю дзяржаўнасць. Разам Дэкларацыяй БНР ад 25 сакавіка 1918 года Слуцкі збройны чын —гэта сведчанне нараджэння беларускай нацыі.
Збіраў подпісы ў Слуцку і беларускі палітык – Алесь Лагвінец:
– Часам адразу падпісваюцца, часам трэба пераканаць і расказаць што гэта такое. Часам ёсць сумневы, маўляў, гэта будзе каштаваць лішнія грошы. Ёсць розныя меркаванні, але мы бачым, што ёсць крытычная маса, якая лічыць, што такі помнік патрэбны. І мяне гэта цешыць.
Падчас збору подпісаў случакі цікавіліся тэмай паўстання, – кажа Алесь Лагвінец.
Збор подпісаў працягнецца да канца студзеня. Падтрымаць ініцыятыву можна таксама праз электронны зварот. Але задача ініцыятараў сабраць, як мага больш подпісаў случчакоў, каб мясцовыя ўлады да іх прыслухаліся.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя