Якія змены будуць у выбарчым заканадаўстве?



Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра тое, што ў бліжэйшы час можа быць зменена ў Выбарчым законе.

Рыгор Кастусёў

«Мы будзем не проста прапаноўваць змены ў заканадаўства, а змены ў адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ, — паведаміла «Народнай Волі» старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына? — Зараз пры ЦВК працуе пазаведамасная экспертная група, якая да 1 лютага прадставіць свае прапановы кіраўніку дзяржавы. І далей усё залежыць ад таго, якія прапановы будуць прыняты».

Рыгор Кастусёў: Калі казаць пра змены, то не варта чакаць вялікага прарыву ў плане празрыстасці падліку галасоў. Хаця могуць увесці выбары па партыйных спісах, вось гэта абсалютна рэальна. І, па непацверджанай афіцыйна інфармацыі, улады хацелі б павялічыць прэзідэнцкі тэрмін з 5 да 7 гадоў. Хачу запэўніць – калі захочуць пайсці на такі крок, то вялікіх складанасцей усё гэта ўзаконіць не складзе для ўлады вялікай цяжкасці.

РР: Ярмошына таксама заявіла, што «па ўчастковых камісіях наўрад ці будзем прапаноўваць змены, мы не гатовыя прыняць норму – уключэнне прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у склады ўчастковых выбаркамаў».

Рыгор Кастусёў: Я і кажу, што на кардынальныя змены ўлады не пойдуць. Бо што такое ўключэнне прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у склады ўчастковых выбаркамаў? Гэта рэальны кантроль за падлікам галасоў. Нават назіральнікі не ведаюць, якія лічбы ёсць за таго ці іншага кандыдата, а сябра ўчастковай камісіі меў бы доступ да працэдуры падліку. І вось тут ні Ярмошына, ні ўлады “не гатовы”. Таму, як мне падаецца, зараз задачы ўлады такая – паказаць Еўропе, што нейкія целарухі ў накірунку рэфармавання робяцца, але пры гэтым захаваць старую сістэму выбараў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя