Як дапамагчы людзям супрацьстаяць „дэкрэту аб дармаедах”?
Каля 350 тысячаў грамадзянаў Беларусі атрымалі паведамленні з падатковых інспекцыяў аб неабходнасці плаціць падатак, згодна з дэкрэтам №3 прэзідэнта Беларусі „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Але па словах кіраўніка арганізацыі „Прававая дапамога насельніцтву” Алега Волчака, большая частка людзей намерваецца абскардзіць гэтыя патрабавнні падатковых інспекцый.
– Людзі недавольныя і лічаць, што яны не павінны плаціць дзяржаве, бо нашая дзяржава – сацыяльная, як запісана ў Канстытуцыі. Таксама людзей абурыла, што калі няма даходаў, то трэба плаціць. Таму яны гатовыя пісаць скаргі, петыцыі, і ёсць людзі, якія гатовыя адстойваць свае правы на вуліцы.
Таму зараз праваабаронцы дапамагаюць грамадзянам абскарджваць патрабаванні падатковых інспекцыяў. А на час, пакуль грамадзяне знаходзяцца ў перапісцы з падатковай інспекцыяй, прыпыняецца выплата гэтага збору, – нагадаў Алег Волчак.
Круглы стол на тэму прэзідэнцкага дэкрэта №3, які празвалі „дэкрэтам аб дармаедах”, адбыўся ў Менску 12 студзеня. Як дапамагчы людзям абараніцца ад яго, абмеркавалі прадстаўнікі беларускіх незалежных прафсаюзаў і праваабарончых арганізацыяў.
Па словах старшыні Прафаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, зараз пачало прыходзіць шмат зваротаў ад грамадзян, якія атрымалі паведамленні ад падатковых інспекцыяў.
– Тое, што мы далі ўзоры заяў у падатковую інспекцыю, я лічу мэтазгодным. Хай кожны троліць гэтыя падатковыя інспекцыі. Няхай яны даюць адказы, з якой базы ўзялі дадзеныя, якімі чалавек карыстаўся паслугамі дзяржавы , за якія павінен заплаціць? Няхай адказваюць! Таму што адна справа спамам скінуць – людзі, давайце плаціце падатак, а другая справа – адказваць на канкрэтныя пытанні.
Гэта датычыцца тых, хто не мог ці не можа працаваць па аб’ектыўных прычынах. Да таго ж, у заяве будзе нагадана аб адказнасці дзяржавы, якая не здолела стварыць неабходную колькасць працоўных месцаў у краіне, а таксама аб супярэчнасці дэкрэту і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Таму галоўнае наша патрабаванне, – дэкрэт павінен быць адменены, – кажа Генадзь Фядыніч. Па яго словах, калі ўлады праігнаруюць патрабаванні людзей, то прыйдзецца звярнуцца да калектыўных дзеянняў, да падрыхтоўкі мітынгу з патрабаваннем адмены гэтага дэкрэта.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота profrep.by