Польскіх дыпламатаў не пусцілі ў Расею з Беларусі



Дзве групы польскіх дыпламатаў не змаглі ўехаць у Смаленскую вобласць з тэрыторыі Беларусі на аўтамабілях. Расейскія памежнікі развярнулі палякаў з-за «адсутнасці пастоў памежнага кантролю па пропуску грамадзян трэціх краін у РФ» у раёне перасячэння дыпламатамі мяжы.

granica_belarus-rossiya_mogilevskaya_oblast-13-k1kp6

Грамадзяне Польшчы ехалі на двух аўтамабілях з дыпламатычнымі нумарамі. Іх спынілі на мяжы і прапанавалі перасекчы мяжу ў суседніх рэгіёнах, патлумачыў прадстаўнік расейскага пагранупраўлення Аляксандр Лазненка.

Паводле яго слоў, на расейска-беларускай мяжы няма памежных пастоў, аднак на трасе пры ўездзе ў РФ стаў дзяжурыць пагранічны нарад. За апошнія дні, дадаў прадстаўнік ведамства, было адзначана яшчэ некалькі аналагічных выпадкаў.

Дыпламаты з іншых краін таксама спрабавалі ўязджаць у Расею праз мяжу з Беларуссю. Аднак ўсім замежнікам было адмоўлена ва ўездзе ў Смаленскую вобласць.

Замежных грамадзян нават пры наяўнасці расейскай візы сталі пускаць у РФ з Беларусі толькі праз міжнародныя пункты пропуску восенню мінулага года. Сваё рашэнне Расея патлумачыла тым, што «сітуацыя ў свеце кардынальна змянілася» і «рэзка ўзраслі рызыкі, звязаныя з тэрарыстычнымі, міграцыйнымі пытаннямі».

Беларускі МЗС палічыў дадзеную меру празмернай і папрасіў не рабіць рэзкіх аднабаковых крокаў. Як заўважыў прэс-сакратар ведамства Дзмітрый Мірончык, расейскі бок цяпер ўбачыў праблему там, дзе «не бачыла яе два дзясяткі гадоў».

tut.by