Першы нумар „Слонімскага краю” ў новым годзе



Выйшаў сёлетні першы нумар электроннага краязнаўчага бюлетэня “Слонімскі край”. Як і мінулыя дзесяць выпускаў, бюлетэнь вельмі багаты на разнастайныя і цікавыя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй слонімскай зямлі.

Ён адкрываецца артыкулам пра леташнюю выставу ў Кракаве слонімскіх габеленаў Агінскага, а таксама артыкулам Сяргея Ярша пра Слонім і слонімцаў, якіх маляваў немецкі мастак Людвіг Вільгельм Марцін Марыс у 1915 годзе.

Пра прадпрыемствы Слоніма ў XIX стагоддзі распавядае Сяргей Чыгрын. А былы настаўнік Мікалай Ракевіч прыгадвае ў сваім артыкуле пра трагічны лёс партызанскага сувязнога Леаніда Якубеню. Са спадчыны Васіля Супруна публікуюцца “Загадкі слонімскіх замкаў”.

У свежым нумары “Слонімскага краю” чытачы знойдуць цікавыя артыкулы пра  тое, як гарэў у Слоніме кінатэатр “Мадэрн” у 1929 годзе, даведаюцца пра здымкі Слоніма, зробленыя з нямецкага самалёта 100 гадоў таму, пра выяву Жыровіцкай іконы Маці Божай на дакуменце 1667 года і шэраг іншых матэрыялаў. Поўнасцю бюлетэнь “Слонімскі край” можна пачытаць тут.

Беларускае Радыё Рацыя