Naviband у дзень фіналу адбору на „Еўрабачанне” выпусціць альбом



Новы альбом „Ілюмінацыя” беларускага гурта Naviband выйдзе 20 студзеня, у дзень фіналу нацыянальнага адбору на міжнародны конкурс „Еўрабачанне-2017”. Пра гэта музыканты паведамілі карэспандэнту БЕЛТА. Альбом уключае восем кампазіцый калектыву, з якіх некалькі новых. Адной з такіх стала „Калыханка”. Яе Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук нядаўна запісалі з расейскім музыкам Яўгенам Грышкаўцом. З вядомых песень гурта, у прыватнасці, „Не пакідай”. Палову альбома складаюць кампазіцыі на беларускай мове.

000027_176735_big

„Ілюмінацыя” – гэта вясёлая і сумная музыка. Назва альбому абрана невыпадкова. Аднойчы нашу музыку параўналі са святлом у цемры. Нам такое параўнанне вельмі запала. Да таго ж, слова „ілюмінацыя” і па-руску, і па-беларуску гучыць аднолькава. Ну і, акрамя таго, мы вельмі верым, што гэтыя песні змогуць засвяціцца ў сэрцах нашых слухачоў „, – распавялі Арцём і Ксенія.

Альбом” Ілюмінацыя „будзе даступны ў інтэрнэце з 20 студзеня, а прэзентуюць яго на канцэрце 14 лютага ў Менску. Для артыстаў вялікі канцэрт у сталічным клубе не менш хвалюючы, чым выступ у фінале адбору на „Еўрабачанне”. Тэма вынікаў фіналу зойме людзей на некаторы час, а цікавасць слухачоў да альбома – гісторыя працяглая, лічаць музыканты.

Песню „Гісторыя майго жыцця” ў фінале адбору на „Еўрабачанне-2017” Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук выканаюць пад нумарам 4. Артысты маюць намер заваяваць сімпатыі гледачоў музыкай, энергіяй, выкананнем. Песню будзе суправаджаць эфектная графіка.

Калектыў існуе крыху больш за тры гады. Таленавітая каманда ў складзе пяці музыкаў ужо заявіла пра сябе не толькі на беларускай сцэне, але і за мяжой. Аўтары музыкі і выканаўцы – Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук. Альбом „Ілюмінацыя” – трэці ў творчай біяграфіі Naviband. Большую частку кампазіцый у рэпертуары калектыву складаюць беларускамоўныя песні.