Чатырохгадзінная аўтограф-сесія Арлова і Татарнікава



Аддаць за беларускую кніжку тыднёвы заробак, а потым адстаяць гадзіну ў чарзе па аўтограф улюбёных аўтараў – на такія ахвяры днямі ішлі сотні менчукоў, якія прыходзілі на аўтограф-сесіі пісьменніка Уладзіміра Арлова і мастака Паўла Татарнікава.

Гаворыць аўтар тэксту кнігі “Айчына” пісьменнік Уладзімір Арлоў:

– На вокладцы два аўтары – Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў. Павел зрабіў бліскучыя ілюстрацыі. Іх 200. Сярод іх 42-е панарамы нашых старажытных гарадоў, замкаў, бітваў. Ёсць геніяльныя ілюстрацыі, напрыклад, малюнак вялікакняжскай канцылярыі, там былі не толькі беларускія пісары, былі лацінскія, арабскія, татарскія, там стаяла варта, некалькі дзясяткаў катоў былі на службе ў Вялікага князя, ахоўвалі дзяржаўныя дакументы ад мышэй і пацукоў.

Кніга “Айчына” выйшла ў шыкоўным паліграфічным выданні. Аўтограф-сесія Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава  расцягваецца на чатыры дні. Так шмат ахвочых займець кнігу з надпісамі ад аўтараў.

Аўтограф-сесія ў менскай кнігарні «Акадэмкніга» (праспект Незалежнасці, 72) пройдзе ў чацвер, 19 студзеня, ад 17 да 20 гадзін. У сустрэчы таксама возьме ўдзел фундатар выдання Павел Бераговіч.

У пятніцу, 20 студзеня, сустрэцца з аўтарамі кнігі можна ад 18 да 20 гадзін у гандлёвым цэнтры «Цівалі» (вуліца Прытыцкага, 29, трэці паверх, аўдыторыя 366), дзе адбываюцца курсы «Мова Нанова».

[Not a valid template]

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота Паўла Бераговіча