У Гародні выйшла міні-энцыклапедыя жыцця горада
У гарадзенскім выдавецтве „ЮрСаПрынт” з’явілася з друку новая кніга краязнаўцы Віктара Саяпіна пад назвай “Гродна і гродзенцы”. Выданне ахоплівае 30 пасляваенных гадоў жыцця ў горадзе з 1944 па 1974 гады і мае амаль паўтысячы фотаздымкаў і ілюстрацый.
Пра выданне распавядае галоўны рэдактар выдавецтва ЮрСаПрынт Аляксандр Рыжы:
– Кніга Віктара Саяпіна – гэта сапраўдная энцыклапедыя пасляваеннага жыцця нашага горада. Вельмі прыемна, што ў кнізе ўзгадваецца не нейкі поступ сацыялізма і камунізма, а штодзённае жыццё нашых жыхароў. Узгадваюцца вельмі цікавыя факты і постаці горада. Узгадваецца ўвогуле тое, чым жыў горад гэтыя 30 гадоў.
Гэта амаль 400-старонкавае выданне стала 20-й кнігай Віктара Саяпіна, што выйшла ў выдавецтве.
Прэзентацыя гэтай кнігі адбудзецца 26 студзеня ў Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Карскага.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня