Сайт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў атакуюць хакеры



Сайт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў атакуюць. Пераважна з Расеі. Ужо другі дзень з невядомых IP-адрасоў на сайт масава дасылаюцца памылковыя запыты, у выніку чаго сэрвернае абсталяванне пачало не вытрымліваць нагрузкі. “Працу сайта ўдалося аднавіць, прымусова, закрыўшы некаторыя формы зваротнай сувязі на сайце”, – паведаміў нам прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі:

— З невядомых IP-адрасоў, якія ўвесь час мяняюцца, прыходзяць запыты на розныя формы, якія ёсць на сайце. У нас ёсць шэраг формаў, дзе людзі могуць дадаваць сваю інфармацыю, каляндар ці розныя падзеі і гэтак далей. Мы былі вымушаныя адключыць гэтыя формы, але шквал тых некарэктных запытаў працягваўся і працягваецца. Трэба сказаць, што фігуруюць у гэтай DDOS-атацы расейскія IP-адрасы, хоць сама атака можа паходзіць адкуль заўгодна.

Увечары 18-га студзеня сайт не працаваў, атака пачалася ўдзень. “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыносіць чытачам прабачэнні за нязручнасці, і плануе звяртацца ў праваахоўныя органы ў выпадку паўтарэння нападу.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя