Сірыйцы купляюць стратнае прадпрыемства на Смаргоншчыне
Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Крэва» Смаргонскага раёна з усёй яго маёмасцю купляюць сірыйскія інвестары.
Заключаны дагавор куплі-продажу, але ўся здзелка яшчэ не завяршылася. Пра гэта 17 студзеня Край.бай распавёў першы намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Ігар Шалудзін.
Паводле яго слоў, маёмасны комплекс СВК «Крэва» пяройдзе ва ўласнасць пакупніка пасля аплаты 25% здзелкі. Гэта можа адбыцца пасля 10 лютага.
– Да гэтага тэрміну агучваць нейкую падрабязную інфармацыю лічу заўчасным, – адзначыў Ігар Шалудин.
Кіруючая справамі Крэўскага сельскага савета Алена Жабінскі распавяла:
– Тут, у Крэве, нам пакуль вядома, што новыя ўласнікі – сірыйцы па паходжанні, але жывуць у Нідэрляндах. Здзелка праходзіць на роўні Гарадзенскага аблвыканкама. Ведаем таксама, што пакупнік яшчэ не зарэгістраваў свае правы на наша СВК ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным кадастравым агенцтве.
Алена Жабінскі адзначыла: у Крэве нікога не бянтэжыць, што сірыйцы стануць новымі гаспадарамі сельгаспрадпрыемства.
– Чаго нам выдумляць? Згодна з беларускім заканадаўствам, яны ўсё роўна будуць падпарадкоўвацца нашаму сельсавету, – сказала суразмоўніца Край.бай.