Міхаіла Гарбачова выклікалі на допыт
Экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў атрымаў позву па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года ў Вільні, калі ў ходзе сутыкненняў мітынгоўцаў з савецкімі вайскоўцамі загінулі 14 чалавек і сотні пацярпелі.
Як паведамляе агенцтва BNS са спасылкай на акруговы суд літоўскай сталіцы, позва, у якой гаворыцца, што даць паказанні можна ў фармаце відэаканферэнцыі, была адпраўлена поштай на адрас Фонду Гарбачова і атрыманая экс-прэзідэнтам 28 снежня. На паведамленні аб уручэнні позвы, якая вярнулася суду, стаіць подпіс Міхаіла Гарбачова.
Раней сын аднаго з загінулых падчас падзей студзеня 1991 года прасіў праваахоўныя органы Літвы правесці расследаванне аб ролі Гарбачова ў падзеях. У кастрычніку мінулага года акруговы суд Вільні вырашыў дапытаць былога прэзідэнта ў якасці сведкі.
У сакавіку 1990 года Вярхоўны Савет Літвы заявіў аб аднаўленні незалежнасці рэспублікі, аднак улады Савецкага Саюза абвясцілі гэтае рашэнне неканстытуцыйным. У студзені 1991 года ў Літве пачаліся акцыі пратэсту, і туды былі перакінутыя часткі ПДВ і байцы спецпадраздзяленняў. 13 студзеня калона савецкай бронетэхнікі накіравалася ў цэнтр Вільні, у ходзе сутыкненняў у раёне тэлецэнтру загінулі 14 чалавек, больш за 600 пацярпелі.