Лукашэнка пагражае Пуціну не ратыфікаваць дамову аб стварэнні ЕАЭС



Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што Беларусь не ратыфікуе дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе, калі Расея не кампенсуе «падатковы манеўр». Гэта чарговая спроба правесці гандль і паўплываць на Расею. Ці сур’ёзная пагроза зрыву дамоўленасцяў з боку кіраўніка беларускай дзяржавы? „Цяжка ўявіць, што Беларусь адмовіцца ратыфікаваць тое пагадненне, якое фактычна было ўжо падпісана Лукашэнкам ў Астане ў траўні,” – лічыць палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч:

– Гэта будзе вялікі скандал і канфлікт у адносінах з Расеяй. Таму я не думаю, што да гэтага дойдзе справа. Беларусь хоча правесці торг з Расеяй, каб Расея кампенсавала тыя магчымыя страты, якія атрымае Беларусь ад таго „падатковага манеўра”, які плануецца ажыццявіць у Расеі. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ некаторыя спрэчныя пытанні ў беларуска-расейскіх адносінах, на якія Лукашэнка хоча паўплываць такімі заявамі.

Гэтак званы „падатковы манеўр” Расеі прадугледжвае рэзкае зніжэнне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты і адначасова з гэтым значнае падвышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў. У беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах мяркуюць, што гэта можа прывесці да істотнага росту цаны на расейскую нафту. У выніку могуць вырасці цэны на нафтапрадукты для спажыўцоў.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ITAR-TASS