Гарадзенцы маліліся за адзінства хрысціян



Набажэнства і малітва пра адзінства хрысціянаў прайшла ў суботні вечар у гарадзенскай катэдры святога Францішка Ксаверыя. Прынялі ўдзел вернікі Рыма-каталіцкай, Грэка-каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў, лютэране і вернікі Царквы поўнага Евангелля „Жывое Слова”. Павітаў удзельнікаў пробашч катэдры ксёндз Ян Кучынскі.

Дарагія браты і сёстры. Сёлета шмат хрысціян і цэркваў адзначаюць гадавіну Рэфармацыі. Святы Павел нагадвае, што Бог паяднаў нас праз Езуса Хрыста, што любоў Хрыста ахапіла нас, каб мы сталі слугамі паяднання. Разам будзем праслаўляць Бога ў еднасці Духа Святога.

Што дае такое набажэнства, якое праводзіцца штогод? Для святара грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай Андрэя Крата набажэнства за адзінства хрысціян выклікае радасць і смутак адначасова. Радасць – за тое, што ў малітве пераадольваюцца падзелы хрысціян.

Я прачытаў у гісторыі гэтых дзён – тыдняў малітвы за еднасць хрысціян, што яны адбываюцца ажно з 1908 года. Гэта ўжо больш за 100 гадоў. Больш за 100 гадоў хрысціяне ў розных краінах свету збіраюцца і моляцца пра адзінства, думаюць пра тое, як пераадолець гэтыя падзелы. Але, як мы бачым з вамі, вынікі гэтага не такія, як нам хацелася б.

Францішак Скарына, на думку айца Андрэя Крата, разбураў такія муры пяцьсот гадоў таму, выдаўшы Беларускую Біблію „люду паспалітаму для навучання”. На чале біскупа Аляксандра Кашкевіча, ардынарыя гарадзенскага, агульная малітва завяршылася запаленнем свечак удзельнікаў ад велікоднай свечкі, што сімвалізуе адзінага Бога, адзінага Збаўца, які запавядаў: “Каб усе былі адно”.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара