Ці з’явіцца прыз для самага беларускамоўнага футбольнага клуба?
Кампанія “Умовы для мовы” і яе арганізатар Ігар Случак разлічваюць, што ў канцы 2017 года Беларуская федэрацыя футбола ўвядзе ў цырымонію закрыцця футбольнага сезону прыз самаму нацыянальна арыентаванаму клубу краіны.
У 2015 годзе самы беларускамоўны клуб вызначаўся адмысловым рэйтынгам, які вяла кампанія, а летась пераможца выбіраўся ўжо заўзятарамі – ім стаў “Нёман” з Гародні:
– На жаль у гэтым сезоне не атрымалася сур’ёзна заняцца гэтым рэйтынгам, таму давялося абысціся толькі галасаваннем у сацыяльных сетках. Перамог “Нёман”, але ў яго сапраўды вялікі прагрэс. У тройцы фіналістаў не было выпадковых клубаў, там было “Тарпеда”, быў “Гомель”. Мне хацелася б таксама, каб федэрацыя футбола ў наступным сезоне ўвяла прыз для найбольш нацыянальна арыентаванага клуба, каб на “Зорным мячы 2017” гэта гучала. Любы клуб быў бы вельмі задаволены і гэта можа быць таксама падштурхне клубы да шырэйшага выкарыстання беларускай мовы.
Кампанія “Умовы для мовы” збіраецца надалей супрацоўнічаць з Беларускай федэрацыяй футбола. Летась супраца была як ніколі плённай, зборная краіны ўпершыню стала выступаць у футболках з нацыянальным арнаментам, атрымала афіцыйную мянушку “Белыя крылы”, а гімн футбольнай зборнай выканаў гурт Navi, які сёлета паедзе на “Еўрабачанне”. Акрамя таго, цырымонія падвядзення вынікаў сезона 2016 прайшла цалкам па-беларуску, упершыню за часы незалежнай Беларусі.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя