Вільня Браніслава Тарашкевіча



20 студзеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» выправілася ў вандроўку на малую радзіму стваральніка «тарашкевіцы» – Віленшчыну – разам з экскурсаводам Паўлам Каралёвым і падчаркай Браніслава Ірынай Ніжанкоўскай.

Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў Мацюлішках пад Вільняй у сялянскай сям’і, аднак здолеў стаць выбітным мовазнаўцам, перакладчыкам, кандыдатам філалогіі і акадэмікам. Ён пражыў толькі 46 год, многія з якіх былі азмрочаныя засценкамі польскай і савецкай турам, але паспеў вельмі шмат зрабіць для Беларусі. Бадай, самым славутым яго творам стала першая «Беларуская граматыка для школ» – той правапіс беларускай мовы, які ў 1920-30-х гадах быў афіцыйным, а цяпер завецца «класічным”»ці, па імені аўтара, «тарашкевіцай». Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі, у 1933 годзе Тарашкевіч трапіў пад абмен вязнямі паміж Польшчай і БССР – яго абмянялі на вядомага беларускага літаратара Францішка Аляхновіча, аўтара кнігі “У кіпцюрох ГПУ”. У Саветах мовазнаўца пражыў некалькі гадоў і трапіў пад жорны рэпрэсій: дасюль невядома, ці памёр ён у лістападзе 1938 года ад катаванняў, ці ўсё ж быў прыведзены ў выкананне вынесены яму расстрэльны прысуд.

«Калі б паехала да мужа – не выжыла б…»

За некалькі кіламетраў ад сучаснай мяжы Літвы і Беларусі пралягае мястэчка Лаварышкі, куды з ужо неіснуючага засценка Мацюлішкі была перавезеная хата бацькоў Браніслава. Тут маленькі Тарас (менавіта так Тарашкевіча называлі блізкія) атрымаў пачатковую адукацыю. У Лаварышках ёсць могілкі, дзе мы знаходзім магілы сваякоў Тарашкевіча, у тым ліку і бацькоў. А побач з могілкамі – велічны цагляны 111-гадовы касцёл Яна Хрысціцеля, знакаміты тым, што ў ім служыў арганістам Ян Пазняк – дзядуля заснавальніка Беларускага народнага фронту Зянона Пазняка. Дарэчы, той арган знаходзіцца ў касцёле і сёння, і ўсё так жа працуе, як і стагоддзе таму.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Касцёл у Лаварышках

Але вернемся да Тарашкевіча. У фальварку Мігаўка, гаспадаром якога быў адзін з першых выдаўцоў газет «Наша Ніва» і «Наша Доля» Аляксандр Уласаў, ён знаёміцца з прыгажуняй з Радашковіч Верай Сніткай, і ў 1923 годзе бярэ з ёй шлюб.

«Мама была праваслаўнай, а ён католікам. Таму спачатку вянчаліся ў праваслаўнай царкве ў Варшаве, а пасля ў віленскім касцёле Святога Мікалая, іх вянчаў ксёндз Адам Станкевіч», – распавядае Ірына Ніжанкоўская. Па яе словах, пазней да маці заляцаўся нават мастак Язэп Драздовіч, але атрымаў ад яе аплявуху.

Тарашкевіч быў на дзевяць гадоў старэйшы за жонку. 9 студзеня 1925 года ў іх нарадзіўся сын Радаслаў, Славік. Ірына, якая нарадзілася ўжо пасля смерці Тарашкевіча ад другога мужа Веры, паляка, у 1940 годзе, памятае брата. «Я з дзяцінства чула пра Тарашкевіча, у нас дома, каля братавага ложка, стаяў яго здымак», – узгадвае жанчына.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вера, Браніслаў і Славік Тарашкевічы. Фота з архіву І. Ніжанкоўскай

Вера ва ўсім старалася дапамагаць мужу і калі з’явілася магчымасць абмену вязнямі, заахвочвала Тарашкевіча і абяцала прыехаць да яго. 6 верасня 1933 года на станцыі Коласава адбываецца абмен на савецка-польскай мяжы: Францішак Аляхновіч вяртаецца з савецкай вязніцы ў Польшчу, а палякі перадаюць Саветам Браніслава Тарашкевіча. Ёсць сведчанні, што вязні падчас абмену выглядалі па-рознаму: Аляхновіч быў апрануты ў бушлат, а на Тарашкевічу было прыстойнае паліто. Пры гэтым нібыта Аляхновіч, папярэджваючы сабрата, сказаў яму: «Бронюсь, куды ты ідзеш?»

Бронюсь яшчэ не ведаў, што чакае яго на ўсходзе, ён збіраецца перабрацца туды з сям’ёй і працаваць на карысць радзіме. Ды чамусьці жонка прынесла на станцыю Коласава толькі паперы ды неабходныя рэчы. Але абяцала цягам паўгода прыехаць да яго з сынам. Не прыехала…

«Яна казала: калі б бабуля (маці Веры. – ЕўраБеларусь.) адгаворвала ехаць, то паехала б. Але бабуля маўчала і толькі скрушна глядзела на ўнука. Мама вырашыла не пакідаць бабулю адну ў Вільні і засталася. Калі б паехала да мужа – не выжыла б…», – расказвае Ірына Ніжанкоўская.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Ірына Ніжанкоўская

Браніслаў пасля абмену працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве, там ажаніўся другі раз з выпускніцай вышэйшых літаратурных курсаў, Нінай Палянскай – пра гэта Вера не ведала. А пасля – арышт, катаванні, расстрэл…

У 1943 годзе памірае бацька Ірыны, другі муж Веры Тарашкевіч. А ў 1944-м у партызанах гіне 19-гадовы Славік, але бацька пра гэта ўжо не даведаецца…

«У мамы быў вельмі моцны характар. Яна пры нас ніколі не паказвала эмоцый. Але распавядалі, што калі даведалася пра смерць сына, пайшла ў поле і там стала галасіць…», – гаворыць падчарка Тарашкевіча. Дарэчы, Вера Тарашкевіч пражыла да 1998 года і пакінула шмат успамінаў пра першага мужа і іншых беларускіх адраджэнцаў.

Беларускі анклаў

Для любога беларуса Вільня пачынаецца з Вострай Брамы. Памятае яна, безумоўна, і Тарашкевіча, аднак найлепш памяць пра яго захавалася ў іншым «беларускім» месцы літоўскай сталіцы – Базыльянскіх мурах. Менавіта тут размяшчалася Віленская беларуская гімназія, створаная Іванам Луцкевічам у 1919 годзе, якую Браніслаў узначальваў у 1921 – 1922 гадах. Ля ўваходу ў былую гімназію сёння вісяць шыльды ў памяць аб колішняй выпускніцы, аўтарцы верша «Магутны Божа», які стаў хрысціянскім гімнам, Наталлі Арсенневай, выкладчыку і выбітным літаратары Максіме Гарэцкім і ксяндзу, грамадскім дзеячы Адаме Станкевічу.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Шыльды на былой Віленскай беларускай гімназіі

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Дзесьці ў гэтых вокнах жыў Браніслаў Тарашкевіч, калі ўзначальваў гімназію

Ад муроў рушым да ратушы. Некалі гэты будынак быў тэатрам, дзе дырыжыраваў стваральнік беларускай класічнай оперы Станіслаў Манюшка. А зусім побач, на ратушнай плошчы стаіць будынак на месцы дома братоў Мамонічаў, дзе друкаваў свае кнігі Францыск Скарына, а таксама выходзілі статуты Вялікага княства Літоўскага. Дарэчы, па ўспамінах Веры Тарашкевіч, Браніслаў збіраўся напісаць кнігу пра Скарыну. Кнігу так і не стварыў, але напісаў рэферат «Век Скарыны», які чытаў падчас некаторых урачыстасцяў.

Ля дома са скарынаўскай шыльдай збочваем на адну з вузкіх віленскіх вулак і крочым да галоўнага адукацыйнага цэнтру – Віленскага ўніверсітэту.

«Калі вам будуць казаць, што першы ўніверсітэт у Беларусі – БДУ – з’явіўся ў 1921 годзе – гэта няпраўда. Першы ўніверсітэт з’явіўся ў 1570-х гадах, і ён перад намі», – гаворыць экскурсавод Павел Каралёў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Віленскі ўніверсітэт

Менавіта сюды прыязджала вучыцца моладзь з усяго наваколля. Універсітэт паўстаў на аснове езуіцкага калегіюму ў 1579 годзе, заснаваў яго кароль Стэфан Баторый. Тут вучыліся Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Тамаш Зан, дзякуючы якім у гэтых сценах паўсталі таемныя таварыствы філаматаў і філарэтаў… Вучыўся тут і Тарашкевіч. Што праўда, не ва ўніверсітэце, а ў Другой віленскай гімназіі, якая размяшцалася ў яго сценах. Справа ў тым, што ў гэты час ужо амаль як сто гадоў універсітэт быў зачынены пасля паўстання 1831 года. Браніслаў Тарашкевіч зарэкамендаваў сябе як выдатны вучань, скончыў гімназію са срэбным медалём, зазначае экскурсавод. У гімназіі надзвычай добра выкладалі замежныя мовы, як сучасныя, так і класічныя – грэчаскую і лацінскую, – дзякуючы гэтаму пазней Браніслаў пераклаў «Іліяду» Гамера.

Наступны наш адрас не менш знакавы для беларускай ідэнтычнасці. На адным з будынкаў па вуліцы Татарскай вісіць шыльда, якая сведчыць, што менавіта тут размяшчалася друкарня пана Марціна Кухты. Тая самая, дзе выйшаў “Вянок” Максіма Багдановіча. Але не толькі: у 1918 годзе тут адбылася падзея з падзей у жыцці Браніслава Тарашкевіча і ўсёй Беларусі: пабачыла свет яго граматыка. Дарэчы, у гэтай жа друкарні (праўда, у той час яна размяшчалася ў іншым месцы) выйшаў першы нумар першай беларускай газеты «Наша Доля».

Наш маршрут пралягае да пачатку вуліцы Ліцейнай, да дома, дзе жыў Браніслаў з жонкай Верай. Тут жа былі “прапісаныя” Таварыства беларускай школы, Работніцка-сялянская грамада. З гэтага дома Вера хадзіла на Лукішкі, дзе яе муж сядзеў у польскай турме. А калі прайсці наперад, можна пабачыць самы старажытны ў горадзе храм святога Мікалая, у якім айцец Адам Станкевіч вянчаў іх, калі жыццё падавалася яшчэ такім доўгім і шчаслівым…