Улады Беларусі разлічваюць цалкам загрузіць НПЗ



У гэтай пяцігодцы беларускія ўлады маюць намер забяспечыць стопрацэнтную загрузку сыравінай нафтаперапрацоўчых заводаў. Гэта прадугледжана комплексам мер па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, зацверджаным пастановай Савета міністраў № 18 ад 12 студзеня 2017 года. Дакумент апублікаваны на сайце ўрада 24 студзеня.

Мяркуецца, што ў найбліжэйшыя два-тры гады будзе завершаная мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчых заводаў. У прыватнасці ў 2018-м плануецца завяршыць будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў на Мазырскім НПЗ, а ў 2019-м — будаўніцтва комплексу запаволенага каксавання на „Нафтане”.

Як чакаецца, пералічаныя меры дазволяць забяспечыць выпуск таварных нафтапрадуктаў, адпаведных дзейным і перспектыўным стандартам краін Еўразвяза.

Пры гэтым паралельна з мадэрнізацыяй НПЗ беларускія ўлады маюць намер забяспечыць „максімальную працу і эфектыўнасць магутнасцяў нафтаперапрацоўчага комплексу рэспублікі”.

Раней меркавалася, што Расея ў 2017—2019 гадах будзе пастаўляць у Беларусь штогод 24-25 млн тон нафты. Менавіта такі варыянт развіцця падзей закладзены ў базавы сцэнарый прагнозу Мінэканамразвіцця Расеі, зацверджаны ў 2016 годзе. Аднак з другой паловы 2016 года расейскі ўрад рэзка скараціў пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь — спачатку да 3,5 млн тон у квартал, а затым да 3 млн тон. Рашэнне аб скарачэнні паставак нафты расейскі бок матываваў тым, што Беларусь не цалкам аплачвае прыродны газ.

Перамовы паміж Масквой і Менскам пра ўмовы ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжыліся практычна ўвесь 2016 год, але да канкрэтных вынікаў пакуль не прывялі.

Прымаючы на мінулым тыдні з дакладам віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашку, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што скарачэнне паставак расейскай нафты ў Беларусь павінна быць замешчанае альтэрнатыўнымі варыянтамі.

„Мы дамаўляліся, што хуткім часам вы мяне праінфармуеце пра сітуацыю ў нафтагазавым комплексе краіны, асабліва у сувязі з паводзінамі Расеі. Па нашых дамоўленасцяў i пагадненнях, раней заключаных, якая ў нас сітуацыя? Мы нічога не ўтойваем ад людзей. Утойваць, я думаю, не трэба. Катастрофы няма, але скарачэнне паставак нафты ад Расейскай Федэрацыі павінна быць замешчанае альтэрнатыўнымі варыянтамі”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by