Будаваць жыллё за кошт дзяржбюджэту практычна не будуць



Беларускі ўрад разлічвае на тое, што людзі  дастануць назапашаныя грошы і пабудуюць сабе кватэры. Укладвацца ў будоўлю бюджэт практычна ня будзе. За 2017 год у Беларусі пабудуюць 3,5 мільёны квадратных метраў жылля, з іх 490 тысяч «квадратаў» прыйдзецца на Гарадзенскую вобласць. “Так мала жылля, як цяпер, у Беларусі будавалі толькі ў 2004 годзе», – каментуе эканамічны эксперт Леў Марголін:

– Бяднее краіна, бяднеюць і людзі, якія жывуць у гэтай краіне. І скарачаецца іх магчымасць будаваць і купляць новае жыллё. І калі ранней дзяржава мела магчымасць льготнага крэдытавання, якім вельмі актыўна карысталіся, і іншыя былі магчымасці, то зараз такіх магчымасцяў няма ні ў людзей, ні ў  дзяржавы. І таму гэта аб’ектыўна вядзе да скарачэння попыту і аб’ёмаў будаўніцтва.

Ранейшага льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі больш ня будзе.  Прадугледжана замена яго крэдытаваннем на рынкавых умовах, паведамляе БелТА са спасылкай на Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Акрамя таго, сёлета грошы грамадзян на набыццё і будаўніцтва жылля плануецца вызваліць ад дэкларавання і падатковых прэтэнзій.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя