Людзі адмаўляюцца плаціць „падатак на дармаедства”



Выказваюць абурэнне. Так, паводле палітыка з Берасця Ганны Канюс, рэагуюць беларусы, якія трапілі пад падатак паводле дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Раней са спасылкай на старшыню Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэту Анатоля Ліса паведамлялася, што ў рэгіёне амаль семдзясят тысяч жыхароў атрымалі так званыя лісты шчасця. З іх толькі дзве тысячы заплацілі збор. Натуральна, што людзі не ахвотна плацяць, – сказала ў нашым эфіры кіраўнік Берасцейскай гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс.

– Гатовыя ісці да апошняга, каб не плаціць гэтыя грошы, бо часта іх проста няма з чаго плаціць. У людзей, насамрэч, няма працы. Гэта па-першае. А па-другое, людзі абураныя тым, што і так плацяць розныя падаткі: і ПДВ, і падатак на дарогі, на транспарт і так далей.

Па краіне агулам 34 100 беларусаў заплацілі збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год, больш вядомы як „падатак на дармаедства”. Такія звесткі называе Міністэрства па падатках і зборах. Ведамства выслала больш за 440 тысяч паведамленняў жыхарам краіны.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя