ЦІ адбудзецца дэманстрацыя ў Гародні?
Дэманстрацыю супраць дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі аб так званых “дармаедах” плануюць правесці ў Гародні 19-га лютага. Заяўка ў гарадскі выканаўчы камітэт перададзена прадстаўнікамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці. Асаблівая важнасць тэмы сярод жыхароў Беларусі – гэта адна з прычынаў правесці акцыю ў форме дэманстрацыі.
Кажа адна з заяўнікаў, кіраўніца абласной філіі АГП Аляксандра Васілевіч:
– Мы вырашылі зрабіць гэта як дэманстрацыю, бо дэманстрацыя – гэта рух. Гэта прыцягнула б увагу людзей. Мы бачым, што тэма дармаедства выклікае вялікую цікавасць у гарадзенцаў, бо шмат хто трапляе пад гэты дэкрэт. Калі не сам, то трапляюць яго сваякі, сябры.
У заяўцы пазначаны маршрут дэманстрацыі ад плошчы Леніна да Савецкай плошчы праз вуліцу Савецкую, бо гэтым маршрутам традыцыйна праводзяць свае мерапрыемствы і шэсці праўладныя арганізацыі. Такія ж заяўкі на дэманстрацыі на 19-га лютага падалі сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Гомелі і Магілёве.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара