Колькі рэальна каштуе квадратны метр жылля?



Былы бізнесмен і палітык Андрэй Клімаў распавядае, ці адпавядаюць сёняшнія цэны на жыллё ў Беларусі іх рэальнай вартасці.

Як мяркуюць спецыялісты, у 2017 годзе попыт на жыллё з боку жыхароў Менска будзе зніжацца. На думку экс-кіраўніка АТ “Андрэй Клімаў”, якое ў 90-я гады займалася будаўніцтвам жылля, будуць зніжацца ў бліжэйшы час і цэны на жыллё.

Андрэй Клімаў: Больш за год таму рэзка ўпала цана на нафту, якая была стабілізуючым фактарам для правядзення валютных інтэрвенцый на рынак нерухомасці. Цяпер валютных паступленняў практычна няма, а таму рэальная карціна можа быць такой, што мы, магчыма, на стадыі дэфолта. У бліжэйшы час новы прэзідэнт ЗША, напэўна, аб’явіць аб зняцці санкцый з Расеі і аднаўленні супрацоўніцтва з Масквой, а гэта прывядзе да адмены расейскіх антысанкцый. На санкцыйных таварах добра зарабляла Беларусь, але знікне і гэтая валютная крыніца. Таму ў якім стане будзе заўтра беларуская эканоміка, ніхто не бярэцца сказаць. А рынак нерухомасці якраз і залежыць ад стану эканомікі. Але ўжо сёння можна канстатаваць, што пакупніцкая здольнасць насельніцтва апошнім часам моцна знізілася. Яна – адмоўная. А пры адмоўнай пакупніцкай здольнасці нерухомасць наогул як тавар не разглядаецца.

РР: Але калі казаць пра тое, ці адпавядаюць сёння цэны на жыллё ў Беларусі іх рэальнай вартасці.

Андрэй Клімаў: Я лічу, што цэны на квадратны метр ў нас завышаны ў разы. Мы ж, як у Сінгапуры, не завозім цэмент, пясок… У нас гэта ўсё сваё! Таму, калі зараз нейкія “панэлькі” прадаюцца за 900-1000 даляраў за квадратны метр, то іх рэальны кошт – каля 200 даляраў. Рэальна аднапакаёвая кватэра павінна каштаваць у Менску ў раёне 20 тысяч даляраў. Але ж цэны зніжаюцца павольна, манапалісты ўтрымліваюць іх. Праўда, знізіць усё роўна давядзецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя