Валянцін Стэфановіч: Даклад рассылаем у шматлікія міжнародныя структуры



Даклад беларускіх праваабаронцаў наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі будзе накіраваны ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, еўрапейскія структуры ды ў ЗША. Як мяркуе намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, інфармацыя, змешчаная ў дакладзе, дапаможа замежным палітыкам і праваабаронцам аб’ектыўней ацэньваць выкананне ў Беларусі асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў.

– На нашым сайце публіцыі робяцца на трох мовах – вось зараз неўзабаве з’явіцца ангельская версія. І ў ангельскай версіі рассылаем па рассылцы. У нас больш за сотню адрасатаў. Гэта ў асноўным тыя структуры, якія цікавяцца Беларуссю, найперш міжнародныя структуры – Еўразвяза, Парламенскай асамблеі Рады Еўропы, сама Рада Еўропы, БДЗІЧ АБСЕ, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Даклад «Вясны» па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі атрымаюць таксама амбасады краінаў Еўразвязу і ЗША, акрэдытаваныя ў Беларусі.

Нагадаем, што згодна з аналітычным аглядам „Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2016 годзе”, ніякіх сістэмных змяненняў, накіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, летась не адбылося.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя