У Менск прыляцеў прэм’ер Сербіі
У Менск з візітам прыбыў прэм’ер-міністр Сербіі Аляксандр Вучыч. Кіраўнік сербскага ўрада будзе знаходзіцца ў беларускай сталіцы два дні — 26 і 27 студзеня.
Паводле інфармацыі прэс-службы сербскага ўрада, Вучыч правядзе двухбаковыя сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, „з якім ён будзе прысутнічаць на падпісанні шэрагу двухбаковых пагадненняў”.
Прэм’ер-міністр Сербіі таксама сустрэнецца з кіраўнікамі абедзвюх палат парламента Беларусі — Уладзімірам Андрэйчанкам і Міхаілам Мясніковічам.
Падчас візіту Вучыч плануе наведаць МАЗ, МТЗ, храм Усіх Святых і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ускласці вянок да манумента Перамогі.
Пра тое, што кіраўнік урада Сербіі плануе наведаць Беларусь, паведамлялася ў красавіку 2016 года. Падрыхтоўка візіту абмяркоўвалася на сустрэчы Вучыча з паслом Беларусі ў Сербіі Уладзімірам Чушавым. Аднак магчымыя тэрміны візіту тады не называліся.
З 9 па 12 студзеня Менск з рабочым візітам наведаў міністр абароны Сербіі Зоран Джорджавіч. Як праінфармавала Міністэрства абароны Беларусі, адбылася яго сустрэча з міністрам Андрэем Раўковым. „Бакі абмеркавалі стан і перспектывы ваеннага супрацоўніцтва дзвюх краін”, — паведамлялася паводле вынікаў сустрэчы.