Гародня збірае подпісы за адмену “дэкрэта аб дармаедах”
У Гародні актыўна ідзе акцыя па зборы подпісаў за скасаванне дэкрэту №3 – так званага “дэкрэту аб дармаедах”. Пераважная колькасць людзей, да каго звяртаюцца валанцёры з падпіснымі аркушамі, адгукаецца і ставіць свае подпісы ў офісе АГП. Кажа кіраўнік гарадзенскай гарадской арганізацыі аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Ярмоленка:
– Актыўнасць цяпер вельмі высокая, бо людзям гэта не падабаецца. Яны знаходзяць час, каб прыйсці і падпісацца. З размоў з імі вынікае, што маюць шмат знаёмых, якія таксама хацелі б падпісацца, але з прычыны сваёй занятасці не могуць падысці. Прыходзяць людзі сем’ямі, адны, многія пагаджаюцца браць лісты і ісці да тых, хто не можа дайсці на нас.
Апрача стацыянарнага збору подпісаў, актывісты рыхтуюцца да дэманстрацыі пад лозунгам „Мы не дармаеды”.
Прадстаўнік незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Васіль Корабаў данёс у гарвыканкам да складзенай заяўкі дадатак, што арганізатары шэсця заключаць дамовы са службамі, якія прапісаны ў дзеючым законе.
– Ёсць жа нейкі закон аб масавых мерапрыемствах. І мы далі гарантыю, што ўсё будзе ў межах гэтага закона. Заяўка, я мяркую, будзе разгледжана адным чалавекам ад імя старшыні выканкама і будзе накіравана ў ідэалагічны аддзел гарвыканкама, які, я ўпэўнены, адмовіць. Паводле неправераных дадзеных, вось гэтыя грошы, якія некаторыя людзі ўжо заплацілі (маю на ўвазе падатак “на дармаедства”), ідуць у мясцовыя бюджэты.
Паводле заяўкі актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прафсаюза РЭП у Гародні, дэманстрацыя плануецца на 19-га лютага па маршруце, якім ходзяць праўладныя арганізацыі: ад плошчы Леніна да Савецкай.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара