Андрэю Бандарэнку пагражае яшчэ да 2 гадоў турмы



Былому кіраўніку праваабарончай арганізацыі „Платформ іннавейшн” Андрэю Бандарэнку пагражае яшчэ да 2 гадоў зняволення. Раней ён быў асуджаны на 3 гады па артыкуле „хуліганства”. Тэрмін сканчаўся 31 сакавіка 2017 года. Але  ў турме супраць яго завялі новую крымінальную справу па артыкуле 411 – за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Справа накіравана ў суд Ленінскага раёна Магілёва.

Як лічыць былы палітвязень Мікола Дяздок, які таксама атрымаў дадатковы тэрмін па гэтым артыкуле, улады дзейнічаюць па раней распрацаваных схемах.

Калі прыязджае палітвязень на зону, яго нейкі час (2-3 месяцы) не чапаюць, каб ён перастаў быць пільным да таго, што вакол яго адбываецца. І тут пачынаецца штрафны ізалятар, пасля – ПКТ. Гэта моцна на чалавека ўздзейнічае, і ён  ужо лічыць, што яму вось-вось дадуць дасядзець спакойна яго тэрмін, як тут штрафны ізалятар, ПКТ, пасля яго адпраўляюць у крытую, а пасля – артыкул 411. Мы бачым, што на аднаго палітвязня за другім так уздзейнічаюць. Яны маюць распрацаваны шаблон, па якім яны проста знішчаюць людзей, ламаюць іх волю.

“Але грамадства павінна разбурыць гэтыя бесчалавечыя схемы. Па-першае, сваёй салідарнасцю і акцыямі пратэсту ў падтрымку палітзняволеных, якія апынуліся пад моцным ціскам. Па-другое, настойлівымі зваротамі да міжнароднай супольнасці. Але кардынальна змяніць турэмную сістэму не атрымаецца без радыкальнай змены усяго сацыяльна-палітычнага ладу ў Беларусі”, – упэўнены Мікола Дзядок.

Грамадскі Форум салідарнасці з палітвязнямі, які адбыўся ў Менску, пастанавіў пікетаваць магілёўскую турму, калі там будзе праходзіць суд над Андрэем Бандарэнкам.

Паводле звестак, суд над ім запланаваны на другую палову лютага, але дакладнай даты вязню дагэтуль не паведамілі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск