Аўшвіц як адзін з галоўных сімвалаў Халакосту



27 cтудзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. У гэты дзень прапануем невялікую экскурсію, сумную, а нават месцамі страшную, у Музей Аўшвіц-Біркенаў блізу польскага горада Асвенцым.

img_6727

Кароткая гісторыя

Канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц стаў для свету сімвалам Халакосту. Немцы стварылі яго ў палове 1940 года паблізу горада Асвенцым, які нацысты ўключылі ў склад Трэцяга Рэйху.

Першы транспарт вязняў, а гэта былі палякі, прыбыў сюды 14 чэрвеня 1940 года з вязніцы ў Тарнове. Аўшвіц заставаўся канцэнтрацыйным лагерам, але з 1942 году ён стаў адным з асяродкаў Endlösung der Judenfrage – канчатковага вырашэння габрэйскага пытання (нацысцкага плану вынішчэння габрэяў).

Часткі Аўшвіц:

Аўшвіц І створаны ў 1940 годзе на тэрыторыі і ў будынках былых польскіх вайсковых казармаў.

img_6729

Аўшвіц ІІ–Біркенаў, найбольшы з усяго комплексу, створаны ў 1941 годзе на тэрыторыі вёскі Бжэзінка за тры кіламетры ад Асвенцыма. Польскае насельніцтва з вёскі высялілі, а дамы – разабралі. Менавіта ў Біркенаў ажыцяўлялася масавае забойства.

img_6815

Аўшвіц ІІІ. У 1942-1944 гадах, пераважна пры рознага кшталту прамысловых вытворчасцях і сельскіх гаспадарках, паўстала каля 40 падлагераў, якія выкарыстоўвалі рабочую сілу вязняў. Найбольшы з падлагераў Bunа быў створаны ў 1942 годзе на прадпрыемстве сінтэтычнай гумы і бензіну Buna-Werke.

У ваколіцах канцлагеру ўсё насельніцтва было выселенае. Частку гаспадарак разбурылі, а ў другой частцы жылі афіцэры і падафіцэры СС ды іх сем’і.

Агулам за гісторыю Аўшвіца праз яго прайшлі сотні тысяч чалавек. Дакладную лічбу ахвяраў Аўшвіца цяжка назваць, але гэта не менш за 1 мільён 100 тысяч чалавек.

img_6775Сцяна Смерці – месца экзекуцый на тэрыторыі Аўшвіц І

У студзені 1945 года падчас уцёкаў СС-аўцы ў Аўшвіцы спалілі стосы дакументаў. 20 студзеня ўзарвалі будынкі крэматорыяў ІІ і ІІІ, а 26 студзеня – крэматорыя V. Таксама быў спалены комплекс баракаў-складоў з рэчамі, якія засталіся пасля ахвяраў нацыстаў.

img_6793

27 студзеня 1945 года жаўнеры 60 арміі Першага Украінскага фронту адчынілі браму канцлагера Аўшвіц. Вязні віталі жаўнераў як вызваліцеляў. У галоўных лагерах былі вызваленыя каля сямі тысяч чалавек.

Наведванне

Уваход самастойны на тэрыторыю «Месца памяці Аўшвіц-Біркенаў» – бясплатны. Але я асабіста раю наведаць музей з правадніком, тым больш арганізаваныя такія экскурсіі вельмі добра. Кожны з групы атрымлівае слухаўкі і чуе экскурсавода пастаянна, нават калі захочацца даўжэй затрымацца каля таго ці іншага месца. Узровень экскурсаводаў – высокі, гэта людзі, якія ў большасці займаюцца таксама даследаваннем Халакоста.

Таксама варта загадзя зарэзерваваць уваход, бо турыстаў проста сапраўды натоўпы. Даступныя для наведвання тэрыторыі і аб’екты былых канцлагераў Аўшвіц І і Аўшвіц ІІ–Біркенаў. Мінімум часу на наведванне – гэта 3,5 гадзіны. Уся інфармацыя і кошты размешчаныя на старонцы музея.

Музей

Першая частка, куды мы трапляем, – гэта Аўшвіц І, уваход у які пачынаўся з брамы і сумна вядомага надпісу Arbeit macht frei – “праца робіць свабодным” або “праца вызваляе”. Гэта былыя вайсковыя казармы, якія нацысты выкарыстоўвалі для канцлагера. Цяпер тут у шэрагу блокаў размешчаныя пастаянныя выставы. Акрамя дакументальных фатаграфій, змяшчаюцца фотакопіі дакументаў, вопратка вязняў, рэчы, адабраныя ў прывезеных у канцлагер габрэяў.

img_6761

img_6741

На тэрыторыі Аўшвіц І размяшчалася газавая камера і крэматорый №1. Гэты аб’ект у значнай ступені захаваўся ў арыгінальным выглядзе. Яго перасталі выкарыстоўваць нацысты пасля таго, як пачалі працаваць газавыя камеры ў Біркенаў. Масавае забойства людзей ажыццяўлялі з дапамога газу цыклон В.

img_6794

img_6798

Пасля аўтобусам даязджаем да Аўшвіц ІІ–Біркенаў. Месца ўражвае, не ведаю, ці добра сказаць “страшнае”. Незлічоныя баракі, на месцы знішчаных – коміны. Адзін з баракаў, дарэчы, захаваны ў першасным выглядзе, можна дакрануцца да нараў, на якіх спалі вязні канцлагера.

img_6861

img_6863

Тут газавыя камеры і крэматорыі, дакладней іх рэшткі. Гэтыя рэшткі захаваныя, па іх можна адсачыць, дзе вязні распраналіся, а дзе… Блізка падыходзіць нельга – экскурсавод тлумачыць: не ведаем, колькі яшчэ тут чалавечых парэшткаў пад нашымі нагамі.

img_6845

Ёсць і чыгунка, тупіковая, якая даязджае амаль да газавых камер. Па ёй прыязджаў цягнік з новымі вязнямі, якія везлі з сабой свае рэчы. Непасрэдна на пероне вязняў “сартыравалі”, частку накіроўвалі адразу ў газавыя камеры. Ідучы тут, фактычна ідзеш слядамі людскіх трагедый і смерцяў…

img_6822

img_6823

Ужо ў 1947 годзе канцэнтрацыйны лагер быў пераабсталяваны ў музей, а ў 1979 годзе яго ўключылі ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Штогод музей наведвае каля мільёна турыстаў з усяго свету.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі