У судзе над Аляксандрам Бельчуком абвешчаны перапынак



У працэсе над фермерам Аляксандрам Бельчуком абвешчаны перапынак да 15-й гадзіны 1 лютага (серада). Такім чынам, у першы дзень разгляду крымінальнай справы за “гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі”, былі заслуханы абвінавачаны Бяльчук, пацярпелы Зянюціч і адзіны сведка з боку міліцыі, АМАПавец Уладзімір Дзенісюк.

img_0210

Са словаў Дзенісюка, менавіта ён страляў 12 кастрычніка 2016 года ў раёне вёскі Арлянка, аднак зазначае – спачатку ў паветра, а потым у кола. Кажа сын Аляксандра – Руслан Бяльчук:

– Выглядае, што мы такія кепскія. Мой бацька не змог бы такога зрабіць.

Праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін:

– Сёння мы бачым, што ў сваякоў абвінавачанага свая версія, у супрацоўнікаў міліцыі, якія таксама паміж сабою звязаныя і зацікаўленыя, свая версія. Таму, на маю думку, не варта было ўвогуле пачынаць гэтую справу.

Суддзя суда Маларыцкага раёна, які вядзе працэс, задаволіў хадайніцтва абароны аб абавязковай прысутнасці Дзенісюка да самага выраку па справе. Сваякі па-ранейшаму спадзяюцца на станоўчы вырак і не давяраюць версіі пацярпелых. “Лічу тое, што кажа міліцыя, няпраўдай”, – зазначыў Аляксандр Бяльчук.

img_0209

img_0207

img_0208* * *

Працягваецца працэс над Аляксандрам Бельчуком. Сваякі фермера не давяраюць сведчанням пацярпелага Дзяніса Зянюціча, які сцявярджае, што быў збіты Аляксандрам. У сваю чаргу абвінавачаны кажа, што нікога не збіваў і заявіў, што наадварот, невядомыя (пазней выветлілася, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным) стралялі па ім.

Кажа брат Аляксандра – Віктар Бяльчук:

– Такога нельга рабіць. Ну чаму ён не гаворыць праўду? Ну раскажы як было: страляў, сапраўды страляў. У чым праблема. І таму мне крыўдна, што з нас робяць нейкіх маньякаў. У нас не было раней ніякіх праблемаў з законам – ні затрыманняў, нічога. А зрабілі з нас нейкіх маньякаў. І таму нам крыўдна. Вось што я магу сказаць.

Таксама Аляксандр Бяльчук паведаміў у судзе, што гэта помста з боку былога начальніка мясцовага ДАІ – Грыко, за ягоную ранейшую гісторыю з самаробным трактарам. “Сам жа нібы пацярпелы Зянюціч і сведкі з боку міліцыі агучваюць няпраўду і кажуць толькі тое, што ім загадалі”, – зазначыў Аляксандр Бяльчук.

* * *

У судзе Маларыцкага раёна разглядаецца крымінальная справа фермера Аляксандра Бельчука.

img_0204

Яго вінавацяць у “гвалце альбо спробе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС”.

img_0205

Аляксандр Бяльчук знаходзіцца пад вартай ад 21 кастрычніка 2016 года, напачатку працэса адвакат фермера і сам абвінавачаны заявілі хадайніцтва пра змену меры ўтрымання на падпіску пра нявыезд. Суддзя забараніў фота і відэаздымкі судовага паседжання.

img_0198

Справу разглядае суддзя Сяргей Маручык, пацярпелым па ёй праходзіць супрацоўнік АМАП Зянюціч.

img_0200

Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які сочыць за працэсам:

– Гэта ўжо рэцыдыў, гэта ўжо другое пакаранне, гэта затрыманне па тым самым артыкуле. Ён ужо тры месяцы адсядзеў і будзе вельмі вялікім шчасцем, калі гэтым разам ён атрымае тры ці трохі болей месяцаў арышту, і не дадаць сапраўды нейкі сур’ёзны тэрмін.

Хадайніцтва пра змену меры ўтрымання фермера Аляксандра Бельчука суддзя суда Маларыцкага раёна адхіліў. Пасля перапынку на якім і вызначалася гэтае рашэнне, было выстаўлена абвінавачанне.

img_0203

Пракурор паведаміў, што фермер вінаваціцца ў збіцці міліцыянта Дзяніса Зянюціча, якое мела месца 12 кастрычніка 2016 года. Жонка Аляксандра – Іна Бельчук, не спадзяецца на справядлівы разгляд справы:

– Хто яго ведае, мне здаецца, што не, але хацелася б. Несправядлівасць, хіба гэта пацярпелы – падстаўленая асоба. Такі суд называецца, як і ўсё ў нашай краіне. Хацелася б канешне, каб выпусцілі.  

img_0202

Суд дазволіў абароне весці аўдыёзапіс працэса. У гэтыя хвіліны пацярпелы Зянюціч дае паказанні. Сведкі з боку пацярпелага і абвінавачанага знаходзяцца па-за памяшканнем дзе праходзіць працэс.

img_0201

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце