Фінансаванне месцаў у шпіталях скароцяць?



Міністэрства аховы здароўя мае намер скараціць колькасць неабгрунтаваных наведванняў паліклінік і час лячэння ў стацыянарах.

лекар

На думку віцэ-прэм’ера, былога міністра аховы здароўя Васіля Жарко: “Занадта дорага абыходзіцца дзяржаве ўтрыманне няпрофільных ложкаў, неапраўданае зацягванне тэрмінаў лячэння ў стацыянарах. Усё неабходнае лячэнне павінна быць праведзена за мінімальны, але дастатковы для поўнай папраўкі час”.

Лекар аднаго са шпіталёў Берасцейшчыны Наталля Пятроўна згодна з прапановай, якая датычыць  стацыянараў:

– Зліквідавалі шпіталі сястрынскага дагляду, пакінулі толькі некалькі ложкаў. Там насамрэч ляжаць хворыя, якія не могуць пайсці дамоў – няма родных, няма каму даглядаць. У той жа час схопіць сэрца ў маладога мужчыны і ён будзе ляжаць у калідоры на кушэтцы.

Людзі негатыўна ставяцца да новых прапаноў:

– Трэба не месцы скарачаць для хворых людзей, а начальнікам заробкі скарачаць, каб больш людзям грошай было.

– Калі ім так дорага гэтая бальніца абыходзіцца, то я лічу, што міліцыя, КДБ, чыноўнікі абыходзяцца нашмат даражэй.

Адмыслоўцы лічаць, што беларуская медыцына мае вялікія праблемы ад недастатковага фінансавання. Яго трэба павялічваць ды ствараць добрыя ўмовы працы лекарам, каб яны не з’яжджалі за мяжу ў пошуках лепшага жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя