Наваградак чакае прыезду Джарэда Кушнэра і Дональда Трампа



Наваградак гатовы прыняць Дональда Трампа. Прынамсі запрашэнне для прэзідэнта ЗША ды яго сям’і ўжо перададзена – кажа стваральніца “Музея габрэйскага супраціўлення” ў Наваградку  Тамара Вяршыцкая.

Яна ўжо шмат гадоў падтрымлівае шчыльныя кантакты з сям’ёй Чарльза Кушнэра, адзін з сыноў якога – Джарэд – з’яўляецца зяцем Трампа.

wx1080
Чарльз Кушнер з унукамі ў Наваградку, фота Kp.by

Габрэйскі род Кушнэраў паходзіць з наваградскай зямлі, і кожны год Чарльз прыязджае ў гэтыя мясціны, а цяпер прывозіць таксама ўнукаў – кажа Тамара Вяршыцкая:

Я займаюся гісторыяй вайны ўжо даўно, і Халакостам як часткай вайны займаюся таксама даўно, каля 20 гадоў. З Чарльзам Кушнэрам мы пазнаёміліся таксама даўно, калі першы раз ён прыязджаў у Наваградак са сваёй жонкай, а пазней, у 2007 годзе, ён прыязджаў адзін. Кантакты перадаюцца ад аднаго да другога, і яны самі скантактаваліся са мной, калі ехалі першы раз. Я мяркую, што інфармацыю пра мяне Кушнэрам перадаў Джэк Каган, з якім мы супрацоўнічалі з 1991 года. Менавіта ад Кагана я ўсё даведалася, і менавіта з ім мы стваралі “Музей габрэйскага супраціўлення” ў 2007 годзе. Ён сябраваў з Кушнэрамі, і ўвогуле ён падтрымліваў кантакты з усімі габрэямі, якія паходзяць з Наваградка.

“Сям’я Кушнэраў прыязджае ў мясціны свайго паходжання, каб пабыць тут, а таксама паказаць і расказаваць сваю гісторыю ўнукам. Акрамя таго, да гісторыі гэтай сям’і маюць дачыненне таксама Карэлічы, паколькі адтуль паходзіць бацька Чарльза, то бок дзядуля Джарэда Кушнэра”, – кажа Тамара Вяршыцкая.

572f2d1dbea26e4cf9f8a99b679c279d
Сваякі Дональда Трампа. Унучка Раі і Ёзафа Кушнэраў Лоры Гастэн. Разам з ёй дачка Саманта і муж Бэрнард. Іх суправаджае Тамара Вяршыцкая (злева), фота svaboda.org

РР: А што ў самім Наваградку яшчэ засталося па Кушнэрах? Ёсць нейкія месцы, звязаныя канкрэтна з гэтай сям’ёй?

– Так. Чарльз першы раз увогуле прыязджаў у Наваградак у 1989 годзе, і ён прывёз сюды сваю маці Раю, якая паказала, дзе стаяў іх дом. А што цяпер засталося, дык гэта тэрыторыя гета і будынак барака, дзе жылі вязні працоўнага лагера гета №2 у Наваградку. Зараз гэта вуліца Мінская, і там паўстаў “Музей габрэйскага супраціўлення”. Засталіся будынкі, у якіх працавалі вязні, майстэрні. Дом Кушнэраў стаяў на плошчы Свабоды, так у 1939 годзе перайменавалі Вялікі рынак пасля прыходу савецкай улады. Гэты дом не захаваўся, і ўвогуле горад быў моцна знішчаны ў 1941 годзе яшчэ перад уступленнем немцаў. Адрас дома Кушнэраў захаваўся таксама ў архіўным дакуменце – спісе партызанаў атрада Бельскага за 1944 год. І там пададзены адрасы.

РР: Ведаю, што праз Чарльза Кушнэра вы перадалі запрашэнне прэзідэнту Дональду Трампу наведаць Наваградак…

Калі я даведалася, што Трампа абралі прэзідэнтам, то я адразу выслала віншаванне і адначасна запрашэнне для Джарэда ды яго цесця прыехаць у Наваградак.

Таксама вядома, што Чарльз Кушнэр прафінансуе будаўніцтва мемарыяльнай сцяны на тэрыторыі “Музея габрэйскага супраціўлення” ў Наваградку. Праект мемарыяльнага комплекса “Тунэль” ужо гатовы, ён прысвячаецца памяці 250 габрэяў, якія ўцяклі з гета праз тунэль. З іх выжыла толькі траціна, астатнія ў гэтым жа тунэлі і загінулі. Працы плануецца пачаць як толькі сыдзе снег.

Пра гэты тунэль ратавалася і сям’я Кушнэраў. Як расказваў сам Джарэд Кушнэр, “бабуля збегла ў лес, дзе далучылася да партызанскай брыгады Бельскіх. Там яна сустрэла майго дзядулю, які таксама збег з канцлагера”.

Тамара Вяршыцкая кажа, што ўсе жыхары Наваградка ўжо ведаюць пра сваіх вядомых землякоў – сям’ю Кушнэраў – ды іх сувязі з амерыканскім прэзідэнтам.

Таксама горад пастаянна наведваюць продкі іншых знакамітых выхадцаў з гэтай зямлі, напрыклад, польскага і беларускага фатографа, “бацькі польскай фатаграфіі”, Яна Булгака.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя