ЕАБР пагоршыў прагноз па ВУП і інфляцыі ў Беларусі



Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) прагназуе падзенне ВУП Беларусі ў 2017 годзе на 0,5% і інфляцыю на ўзроўні 9,3%, гаворыцца ў чарговым макраэканамічным аглядзе ЕАБР.

У параўнанні з папярэднім аглядам прагноз пагоршаны: у кастрычніку мінулага года банк чакаў у Беларусі ў 2017 годзе не падзенне, а рост ВУП на 0,6%, а інфляцыя прагназавалася на ўзроўні 8,9%.

„Рэстрыкцыйная грашова-крэдытная і фіскальная палітыка (палітыка „дарагіх грошай” і скарачэння сукупнага попыту насельніцтва. БелаПАН.), якая захоўваецца, будзе важным фактарам, які стрымлівае аднаўленне эканамічнага росту ў сярэднетэрміновай перспектыве. Сярод стрымальных знешніх фактараў застаецца адсутнасць дамоўленасці з Расіяй аб аб’ёмах паставак сырой нафты ў 2017 годзе. Пад уплывам гэтых фактараў у 2017 годзе чакаецца захаванне адмоўных тэмпаў прыросту эканомікі на ўзроўні 0,5%. У далейшым па меры аднаўлення ўнутранага попыту на фоне змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі тэмп прыросту ВУП павысіцца да 1% у 2018 годзе”, — мяркуюць аналітыкі ЕАБР.

Эксперты таксама адзначаюць, што па меры далейшага запаволення інфляцыйных працэсаў з боку манетарных уладаў чакаецца прыняцце мер у галіне працэнтнай палітыкі па зніжэнні намінальных працэнтных ставак на крэдытна-дэпазітным рынку для стымулявання эканамічнай актыўнасці.

На думку аналітыкаў ЕАБР, павышэнне тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і павышаныя інфляцыйныя чаканні будуць асноўнымі крыніцамі інфляцыйнага націску ў Беларусі ў пачатку 2017 года. „Аднак, як паказаў 2016 год, правядзенне збалансаванай грашова-крэдытнай палітыкі і адсутнасць знешніх шокаў здольна нейтралізаваць такія інфляцыйныя ўсплёскі і ўтрымаць інфляцыйную дынаміку ў рамках мэтавага арыенціру Нацыянальнага банка Беларусі”, — падкрэсліваюць эксперты ЕАБР.

У 2017 годзе аналітыкамі банка інфляцыя ў Беларусі прагназуецца на ўзроўні 9,3% (снежань да снежня папярэдняга года) з наступным зніжэннем да 7% у 2018 годзе і 6% у 2019 годзе.

Нагадаем, афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае інфляцыю ў Беларусі ў 2017 годзе ў межах 9%.

„Далейшая стабілізацыя курсу расійскага рубля на фоне прагназаванага паступовага аднаўлення цэн на нафту будзе працягваць аказваць станоўчы эфект на дынаміку беларускага рубля. Чакаецца некаторае ўмацаванне намінальнага курсу беларускага рубля да долара ЗША ў кароткатэрміновай перспектыве, што будзе спрыяць закрыццю існуючага станоўчага разрыву па рэальным курсе”, — гаворыцца ў аглядзе.

Разам з тым „ў сярэднетэрміновай перспектыве чакаецца паступовае аслабленне беларускага рубля пры агульнай тэндэнцыі да аслаблення валют рынкаў, якія развіваюцца”.

ЕАБР прагназуе сярэднегадавы курс долара ЗША на ўзроўні 1.992 беларускія рублі.

Нагадаем, у 2016 годзе ВУП скараціўся на 2,6% у параўнанні з 2015 годам. Мінулы год стаў другім запар у гісторыі незалежнай Беларусі, калі ў краіне назіраецца рэцэсія. Пры гэтым інфляцыя ўклалася ў прагнозны параметр і склала 10,6%.