Сямашка: на рынку Беларусі няма дыскрымінацыі расейскіх вытворцаў



„На рынку Беларусі няма дыскрымінацыі расейскіх вытворцаў”, – заявіў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, каменціруючы інфармацыю, што з’явілася ў расейскіх СМІ, аб тым, што Беларусь абмежавала ўдзел расейскіх аўтавытворцаў у беларускіх дзяржзакупках.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што пры такіх заявах неабходна прыводзіць канкрэтныя прыклады. „Летам 2015 года быў выпадак, калі нас спрабавалі абвінаваціць, што мы дыскрымінуем на нашым рынку расейскіх вытворцаў, але ніхто не змог прывесці канкрэтны прыклад”, – адзначыў Уладзімір Сямашка і расказаў, што сам тады прывёў прыклад: у пачатку 2015 года тэндар у Расеі выйграў МТЗ, а не расейскае прадпрыемства „Кіравец”, і беларускі бок абвінавацілі ў дыскрымінацыі. „Але ж проста расейская тэхніка аказалася больш дарагой – амаль на 20 працэнтаў – і менш тэхналагічнай. Зразумела, выбралі беларускую”, – канстатаваў ён.

belta.by