Ліквідатар стварае музей памяці адселеных вёсак



Чарнобыльскі ліквідатар з вёскі Вуць Добрушскага раёна стварае выставу памяці адселеных вёсак Брагіншчыны.

Адам Варанец, былы жыхар вёскі Астрагляды Брагінскага раёна, збірае прадметы вясковага побыту і фотаздымкі ў землякоў-перасяленцаў, каб адкрыць экспазіцыю ў гадавіну катастрофы на ЧАЭС:

– У нас была свая культура, матэрыяльная і духоўная, мова наша адрознівалася, і песні былі другія. У мяне ўзнікла ідэя захаваць тое, што засталося. Думаю, што памяшканне будзе ў мясцовым доме культуры, там ёсць пакой дзе мы можам найбольш каштоўную экспазіцыю зрабіць.

Адам Варанец – педагог і чарнобыльскі ліквідатар. Дзякуючы яму і ягонай жонцы Клаўдзіі тысячы вясковых дзяцей з забруджаных радыяцыяй раёнаў змаглі аздаравіцца ў Швейцарыі, Германіі і Італіі.

У красавіку 2016 года Адам і Клаўдзія Варанец ў складзе групы беларускіх ліквідатараў сустрэліся з Папай Рымскім Францішкам.

Беларускае Радыё Рацыя