Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Нью-Ёрку
28 студзеня грамадская зала Сабора Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку сустракала спевака Змітра Вайцюшкевіча, які прыляцеў у ЗША, каб выступіць у Нью-Ёрку, Гайленд-Парку (Нью-Джэрсі), Сан-Францыска, а таксама даць некалькі канцэртаў у Таронта і Атаве (Канада).
Гэтым разам Зміцер парадаваў прысутных дзвюма песнямі-прэм’ерамі: „Шалік” на словы Уладзіміра Някляева і „Я трымаў цябе за руку…” на словы Алеся Ліпая.
Прыязна былі сустрэтыя слухачамі добра вядомыя і любімыя песні „Жыве Беларусь”, „Я нарадзіўся тут”, „Наш сцяг”, „На Каляды”, зала спявала разам са Змітром і ахвотна набывала ягоныя дыскі і аўтографы.
У праграме сустрэчы быў запланаваны не толькі канцэрт. Арганізатары Вольга і Алена Талатынік падрыхтавалі выставу фотаздымкаў з краявідамі Беларусі, якія можна было ўзяць з сабою ў якасці падарунка. Але галоўным сюрпрызам стаў пачастунак – традыцыйныя беларускія стравы: бабка, кісель, „журавінка”, якія Вольга і Алена – стваральніцы ютуб-канала „Берасцейская кухарачка” – прыгатавалі для гасцей.
Відэа Віктара Дударава