Расея хоча дапамагаць у кантролі за замежнікамі ў аэрапорце «Мінск»



Ва ўмовах бязвізавага рэжыму варта ўвесці дадатковы кантроль з боку расейскіх спецслужбаў у Нацыянальным аэрапорце “Мінск”, лічаць расейскія эксперты. У Расеі заклапочаныя наступствамі ўвядзення Беларуссю бязвізавага рэжыму на пяцідзённы тэрмін для грамадзянаў 80 краінаў, паколькі дадзенае рашэнне закранае і інтарэсы Расеі з прычыны адсутнасці на мяжы дзвюх краінаў памежнага кантролю, піша «Ежедневник».

Расейскі  палітолаг Аляксей Мартынаў  назваў прынятае рашэнне пра бязвізавы ўезд «дэмаршам з боку Беларусі». У сваю чаргу беларускія эксперты прапануюць «не шукаць праблемы там, дзе іх няма».

Паводле беларускага эксперта ў галіне нацыянальнай бяспекі Аляксандра Цішчанкі, увядзенне пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў ніякіх рызык для Расеі не ўяўляе. Паводле яго слоў, аэрапорт – найбольш кантраляванае месца перасячэння мяжы, і сістэма кантролю ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» яшчэ больш сур’ёзная, чым пры візавым ўездзе. Таксама ён дадаў, што меры бяспекі, якія прымаюцца на тэрыторыі Беларусі і на мяжы дзвюх краін, адэкватныя таму становішчу, якое складаецца.

Фота litvin.org