МЗС высвятляе, ці былі на борце збітага ў Конга верталёта беларусы
Міністэрства замежных спраў Беларусі высвятляе, ці былі на борце збітага ў Конга верталёта беларускія грамадзяне. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Паводле яго слоў, пасольства Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы спрабуе атрымаць афіцыйную інфармацыю ад уладаў Конга.
Паводле інфармацыі грузінскіх СМІ, 28 студзеня ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга былі збітыя два верталёты Мі-24. Адзін экіпаж верталёта складаўся з грамадзян Грузіі, а другі — з грамадзян Беларусі. Грузінскія экіпаж здзейсніў аварыйную пасадку, верталёт пад кіраваннем грамадзян Беларусі пацярпеў крушэнне, лётчыкі былі шпіталізаваныя.
Узброены канфлікт паміж антыўрадавымі фармаваннямі і арміяй Конга працягваецца ў рэгіёне з 2004 года. Рух M23 вядзе барацьбу за інтарэсы этнічнай меншасці тутсі і дзейнічае на ўсходзе краіны. Улады абвінавачваюць у дапамаганні баевікам з М23 суседнюю Руанду, хоць яе ўрад гэтага не прызнае.