Валер Карбалевіч: Польшча мяняе сваю палітыку да Беларусі
Працягваецца візіт беларускіх парламентароў у Варшаву. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Беларусі Баляслаў Пірштук сустрэўся са старшынём Сенату Польшчы Станіславам Карчэўскім. Пірштук заклікаў да ўзаемадзеяння і ўзаемнай падтрымкі ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях.
Новыя беларуска-польскія стасункі каментуе незалежны палітолаг Валер Карбалевіч:
– Мяняецца палітыка. Больш адносна Беларусі. Акцэнт робіцца не на тэму каштоўнасці і правоў чалавека, або дэмакратыі, а на супрацоўніцтве з існымі ўладамі, з існым рэжымам. Вось гэта, лічыць польскае кіраўніцтва, адпавядае нацыянальным інтарэсам Польшчы сёння. Тым больш, што нейкіх прыкметаў таго, што беларускі рэжым гатовы ісці на дэмакратызацыю, і тым больш, што грамадства беларускае хоча гэтай дэмакратызацыі, – гэтага няма.
“А калі сам беларускі народ не хоча дэмакратыі, то навошта старацца польскім уладам”, – такую логіку бачыць эксперт. На згаданай сустрэчы з Пірштуком Карчэўскі пералічыў важныя для польскага боку пытанні: у тым ліку вяшчанне ў Беларусі TVP Polonia I Kultura, незарэгістраваны Саюз палякаў на Беларусі ды Катыньскі спіс.
– Покуль ніякіх рэальных крокаў насустрач у пытанні Саюза палякаў я не бачу. Я не чуў, што беларускі бок абяцаў. Што наконт спісу. Гэтае пытанне, мне падаецца, не прынцыповае, і калі б там знайшлі сапраўды нейкі спіс, то, у прынцыпе, можна было б і перадаць.
Польскі візіт — першы ў гісторыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі — будзе доўжыцца да 2 лютага. Запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых бізнес-колаў, польска-беларускай парламенцкай групы и Міністэрства замежных справаў Польшчы.
Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя