Валер Карбалевіч: Падзеі ва Украіне станоўча паўплывалі на рэйтынг Лукашэнкі (абноўлена)
Беларусь прапаноўвала Захаду мірны план урэгулявання канфлікту ва Украіне. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюс» кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, паведамляе прэзідэнцкая прэс-служба.
«І мы гэты план Захаду прапанавалі, будучы ўпэўненымі ў тым, што гэта не прывядзе да таго, што Захад з гэтым планам пагодзіцца.
Больш за тое, я паабяцаў, што ў выпадку рэалізацыі прапаноў беларускага боку сітуацыя нармалізуецца ва Украіне, не кажучы ўжо пра тое, што вайны не будзе. Захад не пагадзіўся з гэтым планам. Значыць, камусьці выгадна так», — заявіў Лукашэнка.
Тым часам, як адзначае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, гэта кіраўнік Беларусі скарыстаўся еўрапейска-расейскім супрацьстаяннем:
– Пачалася гандлёвая вайна паміж Еўропай і Расеяй, а Беларусь гэта выкарыстоўвае, ладзячы транзіт праз сваю тэрыторыю еўрапейскіх прадуктаў. Расея ўводзіць санкцыі на адрас Малдовы за тое, што яна падпісала дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам, а Лукашэнка едзе ў Малдову дамаўляцца пра пашырэнне гандлю. Захад уводзіць фінансавыя санкцыі адносна расейскіх банкаў, прадпрыемстваў, Беларусь, наадварот, развівае кантакты з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Кіраўнік ураду Мясніковіч едзе ў ЗША.
Паводле апытання грамадскай думкі, з чэрвеня па верасень рэйтынг даверу да Лукашэнкі падвысіўся больш чым на 5%.
* * *
Ровень даверу насельніцтва да Аляксандра Лукашэнкі працягвае падвышацца: калі ў сакавіку – чэрвені яму давяралі амаль 46%, то цяпер – амаль 54%.
Вырас і электаральны рэйтынг Лукашэнкі: калі ў чэрвені ён складаў 39,8%, то сёння — 45,2%.
Паводле аналітыка Валера Карбалевіча, рост рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі адбываецца за кошт украінскага крызісу:
– Украінскі крызіс сапраўды аказаў моцны, можна сказаць – шокавы, уплыў на беларускае грамадства. І пад гэтым уплывам памяняліся вельмі значныя кірункі грамадскай думкі, узрос давер да ўлады і Лукашэнкі, зменшыўся давер да апазіцыі. Аптымізм адносна эканамічнага стану палепшыўся, хоць рэальная сітуацыя пагоршылася, пра што сведчаць лічбы. Узнікла рэзка адмоўнае стаўленне да Еўропы.
Паводле апошняга апытання НІСЭПД, 18,2% апытаных лічаць, што Лукашэнка «цалкам падтрымлівае палітыку ўладаў Расеі», 2,7% — «палітыку ўладаў Украіны», 35,5% — «ён лавіруе паміж канфліктуючымі бакамі», 36,3% — «захоўвае нейтралітэт».
Такія вынікі вераснёўскага апытання насельніцтва Беларусі, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільня).
* * *
У знешнепалітычных арыентацыях беларусаў узмацняецца тэндэнцыя дыстанцыявання да Еўропы. У параўнанні са снежнем доля „еўрабеларусаў” знізілася на 10%, пры гэтым колькасць праціўнікаў еўраінтэграцыі Беларусі павялічылася на 15%.
Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што гэта наступства свабоднага пранікання расейскага тэлебачання ў беларусь і ацэнка падзеяў праз прызму суседняй дзяржавы:
– Самыя вялікія змены – гэта адмоўнае стаўленне да Еўропы. На ўкраінскі крызіс беларусы глядзяць вачыма расейскіх тэлеканалаў. Гэта ўплыў расейскіх СМІ, таму што, дарэчы, беларускія дзяржаўныя СМІ адносна ўкраінскіх падзей займаюць даволі такі стрыманую пазіцыю. Нават спрабуюць заняць нейтральную пазіцыю, хоць і з невялікім ухілам на Расею.
На базавым, культурна-псіхалагічным узроўні, абсалютная большасць беларусаў па-ранейшаму лічаць сябе бліжэй да рускіх, чым да еўрапейцаў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота freesmi.by