МЗС Беларусі пра рашэнні Расеі наконт пагранзоны



Нечаканае рашэнне расейскага боку пра пагранічныя зоны на беларуска-расейскай мяжы стала сенсацыяй у СМІ Беларусі і Расеі. У МЗС Беларусі пракаментавалі дзеянні РФ.

«Не варта зараз драматызаваць сітуацыю. Мы аналізуем гэты дакумент», — адзначыла ў каментары TUT.BY намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі — начальнік аддзела прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына, звярнуўшы ўвагу на два аспекты.

«Па-першае, насуперак усім існуючым дамоўленасцям, якія рэгулююць ахову дзяржаўных межаў дзвюх краін і парадак іх перасячэння, расейскі бок прыняў рашэнне аб устанаўленні памежнай зоны на мяжы з Беларуссю без папярэдняга паведамлення», — заявіла яна.

Як адзначаюць у МЗС, гэта не першы падобны выпадак.

Такая сітуацыя адбылася ў пачатку 2016 года, калі Расея фактычна пачала ўводзіць абмежаванні на ўезд грамадзян трэціх краін праз мяжу Беларусі і Расеі. «З улікам узроўню прамога ўзаемадзеяння нашых памежных службаў і іх узаемнага прадстаўніцтва, падобная нескаардынаванасць дзеянняў, натуральна, выклікае справядлівыя пытанні», — адзначае Ваньшына.

«Па-другое, у многіх складваецца ўражанне, што гэтыя дзеянні вядуць да аднаўлення паўнавартаснага кантролю на беларуска-расейскай мяжы, адмененага больш за дваццаць гадоў таму. А гэта ідзе насуперак цэламу шэрагу існуючых дамоўленасцей, якія прадугледжваюць базавы прынцып адкрытасці межаў паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй».

«Хацелася б асабліва падкрэсліць, што ў гэтым выпадку ініцыятыва зыходзіць не ад беларускага боку», — рэзюмавала начальнік аддзела прэс-службы МЗС.