Каталікі адзначаюць Грамніцы



Каталіцкі Касцёл 2 лютага адзначае Дзень кансэкраванага жыцця  і свята Ахвяравання Пана. У народзе свята Ахвяравання Пана называецца святам Маці Божай Грамнічнай або Грамніцамі. У гэты дзень у храмах праходзяць святочныя набажэнствы, падчас якіх адбываюцца працэсіі са свечкамі.

Па словах пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім ксяндза Мікалая Ціхановіча, свята гэтае важнае для вернікаў, таму што хрысціянскае жыццё ахвяраванае Госпаду.

– Мы праз перажыванне гэтага свята ўспамінаем, што кожны з нас ахвяраваны Госпаду, і нашае жыццё павінна быць такім ахвярным чынам рэалізавана. Мы залежым ад Госпада, мы атрымалі ад яго жыццё і павінны жыць натхненнем божым пад кіраўніцтвам Духа Святога.

Паводле ксяндза Мікалая Ціхановіча, ва ўсім свеце налічваецца каля 950 тысяч кансэкраваных асобаў. У Беларусі служаць каля 50 розных манаскіх супольнасцяў. Жанчын-манахінь – каля двухсот, у параўнанні з мужчынамі-манахамі, іх крыху больш.

Падчас святочнага набажэнства ў Глыбоцкім касцёле Святой Тройцы вернікі выказалі словы падзякі кансэкраваным асобам і падарылі кветкі сёстрам законным.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара