Беспрэцэдэнтнае збліжэнне



Цяперашняе беларуска-польскае збліжэнне эксперты называюць беспрэцэдэнтным.

Парламентары Беларусі сёння завяршаюць свой ваяж у Варшаву. З іх візітам супала навіна пра спыненне фінансавання тэлеканалу „Белсат”. Наш карэспандэнт звярнуўся па каментары да кіраўніка польска-беларускай парламенцкай групы ў польскім Сейме Адама Андрушкевіча і прадстаўніка апазіцыі, дэпутата ад “Грамадзянскай платформы” Роберта Тышкевіча. Абодва, як выявілася, выдатна разумеюць беларускую мову:

РР: Як вы ставіцеся да рашэння МЗС Польшчы датычна “Белсату”, фінансаванне якога ўсё ж такі будзе спыненае, хоць яшчэ зусім нядаўна прэм’ер Беата Шыдла казала, што яго існаванню нічога не пагражае? Якой Вы бачыце будучыню гэтага тэлеканала?

Кіраўнік польска-беларускай парламэнцкай групы ў польскім Сейме Адам Андрушкевіч:

– Вельмі хацеў бы, каб польская замежная палітыка была перадусім агульнай, каб не адрозніваліся паведамленні наконт рашэнняў, якія прымаюцца адносна тэлеканалу „Белсат”.

Дэпутата ад “Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч:

– Гэта фатальнае рашэнне ўраду ПіС аб спыненні фінансавання “Белсату”. Яно фатальнае не толькі для польска-беларускіх стасункаў, але і падрывае давер да Польшчы як прамоўтэра дэмакратыі і грамадзянскіх вольнасцяў і свабоды слова на ўсёй мяжы ўсходняга суседства Еўразвяза. Можна сказаць, што толькі ў Крамлі цешацца сёння гэтаму рашэнню.

РР: Ці ёсць узаемасувязь паміж гэтымі падзеямі: датычна рашэння па тэлеканале “Белсат” і датычна таго, што зараз адбываецца візіт беларускіх парламентароў у Варшаву, дзе іх прымаюць на вышэйшым роўні, хоць Еўропа і не прызнае справядлівымі выбары ў Беларусі?

Адам Андрушкевіч: Акурат на спатканні, у якім я браў удзел, увогуле не ўздымалася тэма тэлеканалу “Белсат”.  Мы размаўлялі толькі пра магчымасць вяшчэння TVP Polonia на Беларусь.

Роберт Тышкевіч: Мяркую, што ёсць сувязь паміж чарговымі парламенцкімі візітамі. Што цікава,  у сваіх заявах прадстаўнікі беларускага боку сцвярджаюць, што не патрабавалі ад Польшчы, каб “Белсат” быў ліквідаваны. Гэта як бы падарунак ад урада ПіС афіцыйнаму Менску, што падкрэслівае увесь абсурд гэтай сітуацыі. Спадзяюся, што людзі, якія сёння сустракаюцца з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску ў польскім Сейме яшчэ будуць саромецца гэтага.

Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле