Ці паўплываюць прапановы Ярмошынай на дэмакратычнасць выбараў?



Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Права выбару”, адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі пракаментаваў прапановы па рэформе выбарчага заканадаўства, якія агучыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна прапануе спрасціць працэс перадвыбарнай агітацыі, зменшыць працягласць працы выбарчых камісіяў і рэгістраваць кандыдатаў пры наяўнасці памылак у дэкларацыі. Тут не гаворыцца пра галоўнае – сказаў у нашым эфіры Дзяніс Садоўскі.

– Безумоўна, мы чакаем больш разгорнутыя тлумачэнні. Тое, што мы зараз бачым, безумоўна, чарговая “цукерка”,  я б нават сказаў фанцік ад цукеркі, які падаецца Еўропе, і ў якім няма ніякай канкрэтыкі, няма ніякіх канкрэтных зменаў у выбарчым заканадаўстве. Асноўнае, што трэба мяняць – гэта доступ прадстаўнікоў апазіцыі да выбарчых камісій. Сам падлік галасоў павінен быць празрыстым.

Прапановы міжведамаснай экспертнай групы пры ЦВК збалансаваныя і ўлічваюць рэкамендацыі АБСЕ – сказала журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына пасля пасяджэння экспертнай групы, дзе выпрацоўваліся асноўныя напрамкі, па якіх плануецца палепшыць выбарчы працэс. За аснову ўзяты рэкамендацыі АБСЕ, аднак разглядаліся таксама прапановы Беларускага Хельсінкскага камітэта, дэпутата Ганны Канапацкай і экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота AFP