Настаўнікі будуць сачыць за аплатай бацькамі камунальных паслуг?



«На днях класная даслала смс: цяпер яна адказная за аплату бацькамі «камунальных паслуг», — звярнуўся ў рэдакцыю tut.by Юрый, дзіця якога вучыцца ў адной са школ Фрунзенскага раёна Менска. Бацька абураны: што гэта за нонсэнс? У адміністрацыі Фрунзенскага раёна бацьку просяць не панікаваць: патрабаваць у бацькоў аплаціць камунальныя паслугі педагогам не давядзецца.

— Наколькі я зразумеў, зараз настаўнік павінны сачыць, каб бацькі ўсіх дзяцей у класе аплачвалі камунальныя паслугі. Маўляў, гэтая ініцыятыва ідзе з ЖКГ, — распавядае Юрый. — Маё дзіця не першы год ходзіць у школу, але такое паведамленне мы атрымалі ўпершыню.

Цяпер у бацькі пытанне: як быць настаўнікам з тымі, хто не плаціць?

— Хадзіць да бацькоў вучня дадому? На працу? Патрабаваць, каб разлічыліся? — дзеліцца здагадкамі мужчына. — Вядома, у класным журнале ёсць усе звесткі пра маму і тату — тэлефоны, месца працы, але ў педагогаў і без таго спраў хапае, каб яшчэ і дапамагаць камунальнікам.

Ва ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Менска растлумачылі: такая практыка дзейнічае ва ўсіх школах Менска і не першы год. Накіравана яна на тое, каб дапамагчы дзецям, якія могуць знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

— Мы не маем права кантраляваць ніякія камунальныя выплаты, нам стае і сваёй працы, — тлумачыць Ірына Чарняўская, начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Менска. — Часам ЖРЭА дасылае нам звесткі пра людзей, у якіх вельмі вялікія запазычанасці за камунальныя паслугі — за тры месяцы, паўгода. Усе спісы яны перадаюць з адной фармулёўкай: праверыць, ці не знаходзяцца гэтыя сем’і ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

Ірына Чарняўская распавядае: узаемадзеянне паміж школай, медыкамі, міліцыяй і камунальнікамі існуе даўно. Усё для таго, каб абараніць дзяцей.

Так, калі сям’я вучняў трапіла ў спіс злосных неплацельшчыкаў, настаўнік павінен схадзіць да іх дадому, паглядзець, у якіх умовах жывуць дзеці, ці клапоцяцца пра іх бацькі.

Фота learn.winjigo.com