18 лютага ў Чарнігаве адбудзецца фестываль “Salo-2017”
Ва ўкраінскім Чарнігаве, папулярным у беларускіх турыстаў, анансавалі фэст “Salo-2017”. Пра гэта паведамляе чарнігаўская радыёстанцыя Svoboda-FM. Фэст будзе прысвечаны ці не самаму папулярнаму нацыянальнаму прадукту Украіны.
Беларусы звычайна спрачаюцца, бульба з якога рэгіёна найсмачнейшай, і якая згушчонка, рагачоўская ці глыбоцкая, найсаладзейшая. Украінцы, у сваю чаргу, могуць гадзінамі разважаць пра тое, у якіх рэгіёнах больш дасканала гадуюць кабанчыкаў, і якое сала лепш саліць, а якое вэндзіць.
Адказаць на гэтыя заўсёдныя ўкраінскія пытанні і змогуць наведвальнікі фэсту “Salo-2017”, які распачнецца ў Чарнігаве 18 лютага. У праграме – вялікая ярмарка, дэгустацыя сала з розных рэгіёнаў Сівершчыны і суседніх абласцей, але і традыцыйныя для падобных мерапрыемстваў фальклорныя выступы і конкурсы. Плануюцца таксама майстар-класы дасведчаных кулінараў і дэгустацыя моцных напояў, якія традыцыйна заядаюцца салам.
Арганізатары мяркуюць мяркуюць, што фэст “Salo-2017” стане разынкай, якая прыцягне на Сівершчыну турыстаў.
У Чарнігаве спадзяюцца пабачыць на фэсце і гасцей з Беларусі, дзе сала такое ж папулярнае, як і ва Украіне.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя