У Браслаўскім музеі адкрыліся адразу дзве выставы
У Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрыліся адразу дзве выставы. Вялікую залю музея запоўніла выстава жывапісу Друі з калекцыі ксяндза Сяргея Сурыновіча. На выставе прадстаўлена 38 палотнаў з другога друйскага пленэру «Пачаткі».
У малой залі музея выстаўлены працы мясцовага мастака Паўла Туманоўскага. Па словах метадыста Музея традыцыйнай культуры Ларысы Дарафейчык, ён, як і Язэп Драздовіч на Глыбоччыне, пакінуў свой творчы след амаль у кожнай мясцовай хаце.
— Жыў у нас у Браславе такі мастак-дзівак. Яго з аднаго боку можна назваць браслаўскім Язэпам Драздовічам, а з другога — браслаўскім Леанарада да Вінчы. Гэта вельмі цікавы чалавек, які не толькі маляваў карціны, але яшчэ быў і мастаком-вынаходнікам, прыдумваў розныя дэталі, напрыклад аэраплан у яго быў, такія рэчы, якія людзей ставілі ў нейкае тупіковае становішча, бо ніхто не верыў, што гэта можна зрабіць чалавеку, бо ён жа не інжынер і не мае своеасаблівай адукацыі.
Падчас адкрыцця выставы быў паказаны фільм пра мастака Туманоўскага. Яго стварыў мясцовы грамадскі актывіст Галляш Сялява разам з Вольгай Лук’янёнак. Яны займаліся зборам звестак пра мастака і ўшанаваннем яго памяці. Галляш прапанаваў прысутным сабраць сродкі на выраб пліты на магіле мастака.
Павел Туманоўскі памёр у інтэрнаце для састарэлых у 2007 годзе, на яго магіле вісіць толькі таблічка з парадкавым нумарам.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя