Паэтычны зборнік «Каложскі дабравест» прэзентуюць у Гародні



Сёмага лютага а 18-00 гадзіне ў актавай зале Свята-пакроўскага кафедральнага сабора будзе прэзентавацца паэтычны зборнік «Каложскі дабравест». На імпрэзе будуць аўтары зборніка Гародні і Гарадзеншчыны: Данута Бічэль, Анатоль Брусевіч, Юрка Голуб і іншыя.

Сувяззю літаратурна-паэтычных пакаленняў Гарадзеншчыны назваў гэты зборнік святар, айцец Павал Каспяровіч:

— Удзельнікі зборніка — гэта 11 аўтараў. Паэты, якія выступалі на вечарынах у межах фестывалю ў апошнія гады. А з жывых класікаў: Данута Бічэль і Юрка Голуб. Паказны цікавы паэтычны зрэз: студэнты філалогіі, аспірантка і дацэнт універсітэта, манах, святар, бард Андрэй Мельнікаў з Воршы.

Запрашаюцца на імпрэзу ўсе аматары паэтычнага слова. Імпрэза пройдзе ў рамках чарговага, шаснаццатага міжнароднага фэсту праваслаўных спеваў «Каложскі дабравест».

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя