Рамонт чыгуначных спалучэнняў на Падляшшы



Ужо з 12 сакавіка пачынаецца рамонт чыгуначнага спалучэння Беласток – Чаромха. Рамонт пройдзе ў два этапы. Да канца ліпеня закрытая будзе траса з Беластока ў Бельск Падляшскі, а потым з Бельска ў Чаромху. Як кажа дырэктар беластоцкага аддзела кампаніі POLREGIO Яраслаў Глязэр, з нядзелі, 12 сакавіка, зменяцца не толькі гадзіны ад’ездаў.

– У выніку могуць быць частыя адмены цягнікоў на лініі 32 і паўставанне там у замен аўтобуснага спалучэння. Чатыры пары сёння курсуюць і яны застануцца, толькі гэта не будуць пары цягнікоў, а будуць аўтобусна-цягніковыя пары.

З увагі на рамонты падарожжа з Беластока ў Чаромху падоўжыцца з паўтары да амаль 3 гадзін. Пасля рамонта цягнікі будуць ездзіць з хуткасцю 80 км/г. З Беластока ў Бельск Падляшскі даедзем за паўгадзіны, а далей у Чаромху крыху больш за гадзіну. Завяршэнне працаў запланаванае на канец лістапада.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя