Аб’ём золатавалютных рэзерваў Беларусі набліжаецца да 5 млрд даляраў ЗША



Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ на 1 лютага 2017 года склалі 4 млрд 985 млн даляраў ЗША (у эквіваленце).

Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, за студзень 2017 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 57,8 млн даляраў (на 1,2%) пасля росту ў снежні 2016 года на 88,9 млн даляраў (на 1,8%).

У нацыянальным вызначэнні аб’ём золатавалютных рэзерваў на 1 лютага 2017 года склаў 5 млрд 394,2 млн даляраў ЗША, павялічыўшыся за студзень на 209,2 млн долараў (на 4%) пасля зніжэння ў снежні 2016 года на 128,5 млн даляраў (на 2,4%).

Паводле звестак галоўнага банка краіны, павелічэнню ЗВР у студзені спрыяла паступленне сродкаў ад продажу Нацбанкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, а таксама паступленнi ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты.

Стрымліваючы ўплыў на дынаміку рэзерваў аказала планавае пагашэнне Нацбанкам і ўрадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце.

У 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 751,4 млн даляраў ЗША (на 18%) да 4 млрд 927,2 млн даляраў (у эквіваленце) на 1 студзеня 2017 года.

Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў не менш як на 500 млн даляраў ЗША.

Дасягненне пэўнага памеру ЗВР з’яўляецца адным з абавязацельстваў Беларусі па заключанай у сакавіку 2016 года крэдытнай праграме з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця. Згодна з праграмай да 1 студзеня 2017 года рэзервы Беларусі ў міжнародным вызначэнні павінны скласці не менш як 4,9 млрд даляраў, а да 1 студзеня 2018 года — не менш як 5,4 млрд даляраў.

belapan.by