Ці трэба зменшыць узрост выбарчага права?
У Беларусі даўно не лічаць галасы на выбарах – проста агучваюць патрэбную рэжыму лічбу. Аднак пытанне, ці трэба даць права голасу 16-гадовым грамадзянам, стала тэмай дыскусіі, якую зладзіла Моладзь БНФ у менскай сядзібе партыі. Падрабязней распавядае кіраўніца менскай філіі Моладзі БНФ спадарыня Наста.
– Тут у нас адбываліся дэбаты на тэму, ці можа моладзь з 16 гадоў прымаць удзел у выбарах. У нас было 2 каманды, якія абіраліся наўздагад: яны загадзя не ведалі, якую пазіцыю будуць прадстаўляць. І гэта была асноўная мэта – паставіць людзей у стрэсавую інфармацыю, каб яны маглі сфармуляваць за кароткі тэрмін сваю пазіцыю. І нават калі яны з ёй не згодны, каб навучыліся адразу складваць меркаванне і абгрунтоўваць сваю пазіцыю.
Пачатак шэрагу дыскусій маладафронтаўцы прымеркавалі да гадавіны дня народзінаў Рональда Рэйгана – былога прэзідэнта Злучаных Штатаў, які здолеў стаць адным з найвялікшых палітыкаў ХХ стагоддзя дзякуючы свайму артыстычнаму ўменню даносіць уласную думку да суразмоўцаў.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота dzyannica.by