AliExpress змяняе правілы дастаўкі



Замежная гандлёвая анлайн-пляцоўка AliExpress з 7 лютага змяняе правілы дастаўкі тавараў у Беларусь, Расею і Украіну. Цяпер кожнай пасылцы будуць прысвойваць трэкінгавы нумар, па якім можна адсачыць яе перасоўванне.

На такіх жа ўмовах, як і беларусы, тавары з AliExpress будуць атрымліваць з 7 лютага і ўкраінцы. А вось для расейскіх кліентаў трэкінгавы нумар будуць прысвойваць толькі для пасылак, якія каштуюць даражэй за два даляры.

На думку выканаўчага дырэктара Асацыяцыі кампаній інтэрнэт-гандлю Расеі Арцёма Сакалова, кошт тавараў у інтэрнэт-крамах, якія гандлююць праз AliExpress, з-за трэкінгавых нумароў не зменіцца – канкурэнцыя не дазволіць падвысіць цэны.

Дарэчы, адсочваць перамяшчэнне міжнародных паштовых адпраўленняў з трэк-нумарам на тэрыторыі Беларусі можна на сайце «Белпошты», паведамляе Менская рэгіянальная мытня.

Нагадаем, з 14 красавіка мінулага года беларусы атрымліваюць замежныя пасылкі для асабістага карыстання па новых правілах: максімальная сума замовы ў адзін месяц абмежаваная 22 еўра і 10 кілаграмамі (незалежна ад колькасці пакупак). За ўсё, што больш ліміту, трэба плаціць 30% з сумы перавышэння. У Расеі таксама хочуць знізіць ліміты на замежныя пасылкі.

Паводле tut.by

Фота aliexsale.ru