Ці зменяцца беларуска-расейскія стасункі?
Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін разважае пра тое, якім чынам могуць змяніцца беларуска-расейскія дачыненні пасля крытыкі Масквы беларускім кіраўніком.
Многія ў Маскве даволі нервова адрэагавалі на выступ Лукашэнкі падчас «Вялікай размовы». Між тым, у бліжэйшыя дні павінны сустрэцца кіраўнікі Расеі і Беларусі, каб абмеркаваць далейшую супрацу ў энергетычнай галіне. Ці дадуць папярэднія захады Лукашэнкі нейкі эфект?
Сяргей Калякін: Я мяркую, што сваімі выказваннямі на прэс-канферэнцыі кіраўнік Беларусі нашкодзіў беларуска-расейскім стасункам. Не думаю, што гэта будзе мець нейкія доўгатэрміновыя наступствы, але, магчыма, ускладніць перамовы па цэнах на энерганосьбіты і іншых пытаннях. Увогуле, у словах Лукашэнкі было шмат непаслядоўнасці. З аднаго боку некалькі разоў паўтараў, што ніводны камень не будзе кінуты ў бок расейскага народа, і ў той жа час крытыкаваў Маскву і заявіў, што не падпіша Мытны кодэкс. Таму пасыл зразумелы, але сяброўскіх адносін не дадасць. І трэба да таго ж разумець, што сёння Беларусь (і беларускі ўрад) знаходзяцца ў такой залежнасці ад Расеі, што ўсё выказванні будуць толькі шкодзіць таму, што мы павінны разам рабіць.
РР: Але ж, як заявіў кіраўнік, незалежнасць даражэй за нафту…
Сяргей Калякін: Гэта ўсё зразумела, але ж не трэба пры гэтым рынкі збыту губляць. Таму, калі ты хочаш некага падначыць альбо падштурхнуць да нейкіх дзеянняў, то трэба быць больш акуратным са словамі. Зрэшты, такі фармат беларуска-расейскіх стасункаў і зносінаў – не новы. Не першы і не апошні раз кідаюць камяні ў спіну адзін аднаму. Такі вось “братні саюз”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя