ААН аб’явіла конкурс эсэ сярод студэнтаў „Шмат моў – адзін свет”
ААН аб’явіла міжнародны конкурс эсэ сярод студэнтаў „Шмат моў – адзін свет”, паведамілі БЕЛТА ў Дэпартаменце грамадскай інфармацыі ААН у Беларусі.
Ініцыятыва ААН „Узаемадзеянне з акадэмічнымі коламі” Дэпартамента грамадскай інфармацыі сумесна з сеткай цэнтраў вывучэння англійскай мовы ELS запрашае студэнтаў дзённых аддзяленняў каледжаў або ўніверсітэтаў ва ўзросце 18 гадоў і старэйшым прыняць удзел у чацвёртым конкурсе сачыненняў „Шмат моў – адзін свет”.
Эсэ памерам не больш як 2 тыс. слоў павінна быць напісана на адной з афіцыйных моў ААН (англійскай, арабскай, іспанскай, кітайскай, рускай і французскай) на такія тэмы, як глабальнае грамадзянства, культурнае ўзаемаразуменне, а таксама роля мовы ў дасягненні гэтых мэт. Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца па 16 сакавіка.
Пераможцы будуць запрошаны на форум „Шмат моў – адзін свет”, які пройдзе з 15 па 26 ліпеня 2017 года ва ўніверсітэце Northeastern University (расходы на пражыванне, харчаванне і пералёт аплачваюць арганізатары конкурсу). Удзельнікі форуму змогуць падзяліцца сваімі ідэямі і прыняць удзел у падрыхтоўцы сумеснага плана дзеянняў, прысвечанага тэме ўстойлівага развіцця. Пераможцы конкурсу змогуць таксама наведаць штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку, зрабіць экскурсіі па Бостане і Нью-Ёрку.